Лешч ’рыба Abramis brama L.’ (Жук., Дразд., ТС, Крыв., Бяльк., Касп., Яўс., Яруш., Яшк. З жыцця; полац., З нар. сл.; навагр., вільн., лудз., Сл. паўн.-зах.). Укр. лещ, лещик, лішч, ляшч, рус. лещ, ст.-рус. лещь, польск. leszcz, ст.-польск. kleszcz, н.-луж. klěšć, чэш. dlešť, dlešec, ляш. klesť, ст.-чэш. dlešč, славац. pleskač, plieskač, славен. ploščič, балг. (у Герава) лещ ’тс’. Паводле Махэка₂ (120–121), усе слав. назвы з’яўляюцца гукапераймальнымі ад слоў dleskati/pleskati/leskati — менавіта ў час нерасту ляшчы плёскаюцца, б’юцца аб ваду (Фэр’янц, Sloven. názvosl. ryb, 53). Аналагічна Слаўскі (4, 172, 173) прасл. lesk‑jь узводзіць да leskati ’ляскаць’ /leščati ’ляшчэць’. Пацвярджэннем гэтага служаць, напрыклад, бел. лешч ’удар далоняй рукі па ніжняй частцы цела’, ляшча ўзяць ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.), круп. ляшч ’удар далонню’ (Нар. сл.), бялын. ’аплявуха, поўха’ (Яўс.). Фасмер (2, 430) звязвае лексему лещ з лат. leste, эст. lest ’камбала’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 430–431. Гл. таксама ляшч. Каламіец (Происх. назв, рыб, 67) дапускае як самастойнае ўзнікненне прасл. leščь (ljaščь) на славянскім грунце, так і магчымасць запазычання лексемы з балтыйскіх гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)