Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Рэ́я 1 ’рухомы папярочны круглы брус на мачце’ (ТСБМ), ’тоўстае бервяно’ (Нар. сл.). Ст.-рус. рая ’рэя’, польск. reja ’тс’. З ням. Raa, Ree, Rahe або нідэрл. raa (Брукнер, 457; Даль, 3, 1671).

Рэ́я 2 ’карагод’ (Байк. і Некр.). Гл. рэй 1.

Рэ́я 3 ’ёўня’ (Байк. і Некр., Касп., Нас.), ’вельмі вялікі капец бульбы’ (ЛА, 2), рэй ’прыстасаванне з слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны і траў’. Польск. дыял. усх. reja, rejka ’капец бульбы’. З літ. rejà, rijà ’ёўня’ < лат. rija ’тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 331; Фасмер, 3, 463; Лаўчутэ, Балтизмы, 33; LKA, 64).

Рэ́я 4 ’тое, што і батарэя’ (Нар. сл.). Ад батарэя (гл.) шляхам адсячэння пачатку слова. Параўн. чэш. слэнг. retka < cigaretka ’цыгарэта’.

Рэ́яць 1 ’ліцца, цячы струменем (пра кроў)’ (Юрч., Юрч. Сін.), ’цячы, нястрымна ліцца’ (Сцяшк. МГ). Укр. ріять ’раіцца (пра пчол)’, рус. ре́ять ’цячы; ляцець; падаць’, серб., харв. рѐвати ’ліцца; раўці’. Прасл. *rějati, корань rěj‑, і.-е. база *(e)rei‑/*roi‑/*rī‑ са значэннямі ’цячы, струменіць; імкнуцца’ (Чарных, 2, 115). Чаргаваннем галосных звязана з рынуцца (гл.), рой (гл.) (Фасмер, 3, 480).

Рэ́яць 2 ’плаўна лятаць; лунаць’, ’развявацца (пра сцяг)’ (ТСБМ). Рус. ре́ять, балг. рея се ’тс’. Другаснае значэнне; развілася на базе ’цячы, струменіць; імкнуцца’. Гл. рэяць 1.

Рэ- прыстаўка са значэннем ’аднаўленне або паўторнасць дзеяння; процілеглае дзеянне або супрацьдзеянне’ (ТСБМ). З лац. rě‑ (rěd‑) ’тс’ (Брукнер, 456).

С, са — прыстаўка, са — прыназоўнік. Гл. з.

Саба́ка 1 м. р. ’свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад.’ Укр. соба́ка с. і ж. р., рус. соба́ка ж. р., ’тс’. За межамі ўсх.-слав. моў толькі польск. дыял. sobaka (Вялікапольшча; у Верхняй Сілезіі — як лаянка); каш. sobaka ’разбэшчаны чалавек’. Большасць даследчыкаў лічаць слова запазычаннем з іран.; параўн. сяр.-іран. *sabāaka‑, сяр. парсі sabah (напр., Уленбек, 322), авесц. spaka‑, прым. ’сабачы’, spā ’сабака’, мідыйск. σπάκα (гл. Фасмер, 3, 702 з літ-рай). Пры гэтым польскае і кашубскае словы тлумачацца як запазычанне з рускай, «з мовы фурманаў» (Міклашыч, 312; Развадоўскі, RO, 1, 107; Брукнер, 53; таксама Шцібер, SOr, 27, 257–258 кашубскае слова лічыць новым пранікненнем у часы вайны з мовы беларускага або рускага насельніцтва. Супраць Фасмер, там жа і Сялішчаў, ИОРЯС, 32, 308. Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 184) і Корш (у Фасмера, 3, 702), абараняючы іранскае паходжанне, лічаць магчымым цюркскае або фінскае пасрэдніцтва. Фасмер (там жа) выказвае меркаванне, што давесці гэтага нельга, а як семантычнае абгрунтаванне прыводзіць італ. alano, ст.-франц. праванс. alan ’дог’, якое з нар.-лац. alanus ’аланскі’, г. зн. іранскі сабака. Другі, кардынальна адменны пункт погляду на паходжанне слова ў Трубачова (Происх., 29 і наст.), які, указваючы на фанетычныя і знешнелінгвістычныя фактары, лічыць слова цюркізмам < цюрк. köbäk ’сабака’. Змена роду ў бел. і ўкр. ⁺собака Карскі (Белорусы 2–3, 15) тлумачыць паўсюдным ужываннем для істоты ж. р. слова сука, г. зн., відаць, проціпастаўленню рус. кобель — сука адпавядае бел. і ўкр. сабака — сука.

Саба́ка 2 ’мерка для раўнамернага набівання рашацін на страху’ (Шат.), ’заціскачка’ (Сл. ПЗБ), ’палка для ўмацоўвання кола задняга навоя’ (Жыв. сл.), соба́ка ’вілы з загнутымі ўніз канцамі’ (Выг.). Да сабака 1. Семантычную матывацыю гл. сабачка 2.

Саба́ка 3 ’устарэлая мера дроў’ (лун., Шат.). Параўн. сабачкі 3. Відаць, ’столькі дроў, колькі памяшчаецца на такіх санках’.

Саба́кі ’гульня’ (Бяльк.). Рус. паўн. соба́ка ’палка, якой ганяюць сучку, шар у гульні’, укр. соба́ка ’назва некаторых з гуляючых у гульню пыж’. Да сабака 1, 2, але семантычная матывацыя няясная, паколькі апісанне гульні адсутнічае.

*Сабакрут, собакру́т ’сцяпёр, маркоўнік’ (ТС). Няясна. Магчыма, гаплалогія з *сабакакрут, ад сабака і круціць, але матывы намінацыі невядомыя.

Сабані́ць ’падаць (пра дождж)’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. перм., вяц., каз. саба́нить ’моцна дзьмуць, як саплом, цягнуць, цячы, імкнуцца’. Рускае слова падаецца Далем у гняздзе саба́н ’плуг’ (гл. наступнае слова). Геаграфія слоў і націск указвае на невялікую магчымасць сувязі паміж імі. Калі рус. слова ўтворана ад сабан, бел. слова магло мець тую ж крыніцу, але, відаць, было запазычана ад татарскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусь Хутчэй за ўсё, да цабаніць ’падаць (пра дождж)’, гл.

Сабанту́й ’у татараў і башкіраў народнае свята, звязанае з заканчэннем веснавых палявых работ’, ’шумлівая пагулянка; калатня, бітва’ (ТСБМ). Праз рус. сабанту́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з тат. сабанту́й ’банкет у канцы свята веснавога ворыва’, ад сабан ’двухколавы плуг’ і туй, той ’банкет, баль’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 541. Аб магчымым існаванні слова сабан і ў бел. гаворках сведчыць наяўнасць яго ў гаворках беларускіх перасяленцаў у Сібіры: “пахалі бабы, плугоў не была, сабані толькі” (Бел.-рус. ізал., 120).

Сабарно́ ’вялізны сабака’ (ТС, Скарбы), сабо́рно ’сабака’ (Мат. Гом.). Укр. соба́рний ’сабачы’; сюды ж, відаць, рус. пск. соба́рник ’буян, грубіян’, соба́рничать ’буяніць’. Нейкі складаны словаўтваральны варыянт ад сабака 1. Магчыма, першапачаткова частка ‑ака ў гэтым слове была заменена экспрэсіўным суфіксам ‑ара (‑ор) (аб суф. гл. SP, 21 і наст.), адкуль быў утвораны прым. з суф. ‑н‑, гл. украінскі прыклад. Прыметнік быў субстантываны суф. ‑о. Няпэўна.