Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сабарно́ ’вялізны сабака’ (ТС, Скарбы), сабо́рно ’сабака’ (Мат. Гом.). Укр. соба́рний ’сабачы’; сюды ж, відаць, рус. пск. соба́рник ’буян, грубіян’, соба́рничать ’буяніць’. Нейкі складаны словаўтваральны варыянт ад сабака1. Магчыма, першапачаткова частка ‑ака ў гэтым слове была заменена экспрэсіўным суфіксам ‑ара (‑ор) (аб суф. гл. SP, 21 і наст.), адкуль быў утвораны прым. з суф. ‑н‑, гл. украінскі прыклад. Прыметнік быў субстантываны суф. ‑о. Няпэўна.

Са́бас ’субота ў яўрэяў’ (Гарэц.), саба́х ’малітва ў татараў’ (Скарбы). З ша́бас (гл.), з асімілятыўнай менай ш > с.

Саба́ць ’калоць’ (гродз., З нар. сл.). З зобаць?

Саба́чка1 памянш. да сабака1 (гл.).

Саба́чка2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка1 па знешняму падабенству.

Саба́чкі1 ’расліна ваўчкі паніклыя, Bidens cernuus L.’ (Гарэц., Кіс.), ’ваўчкі трохраздельныя, Bidens tripartia L.’ (Бяльк., Дэмб. 1), ’ваўчкі паніклыя і трохраздзельныя’ (Касп., Дэмб., 1), ’ваўчкі’ (Сл. ПЗБ). Рус. соба́чки ’асот, лопух, дзед’. Да сабачка1; расліна названая па вострых учэпістых пладах. Параўн. Мяркулава, Очерки, 98.

Саба́чкі2 ’кветка львіны зеў’ (Бяльк.), ’кветкі-фіялкі’ (Сцяшк. Сл.), ’зарніца звычайная’ (мазыр., Жыв. сл.). Да сабачка1, відаць па знешняму падабенству кветак да морды сабакі.

Саба́чкі3, сабачукі́ ’невялікія сані’ (Сл. ПЗБ). Да сабачка1. Падрабязна гл. пад сучкі.

Саба́чы, прым. ад сабака1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачывоўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.

Саба́чына ’грубае з тоўстым сцяблом сена, трава (якую не хоча есці жывёла’ (Нар. словатв.). Да сабакаj (гл.).

Сабачэ́ўнік ’сабачая мята’ (Сл. ПЗБ). Да сабачы. Вынік кандэнсацыі словазлучэння сабачая мята.

Сабга́таць ’скамячыць’ (Янк.), сабга́каць ’зжаваць’ (Сл. ПЗБ). Да бгаць (гл.).

Сабе (без націску) часціца. Ужываецца пры дзеясловах або займенніках для падкрэслівання, што дзеянне адбываецца спакойна, незалежна, з задавальненнем; таксама з выказваннем дакору (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Гл. сябе.