Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ручэ́йнік ’маленькі чарвячок, які будуе вакол сябе домік-трубачку’ (Сл. рэг. лекс.). Звычайна адносяць да ручай, ручэй (гл.). Аднак не выключана сувязь з ручэйка, ручайка (гл.), паколькі можа асацыявацца з навітай на верацяно ніткай.

Руш ’палоска лёгкай тканіны, сабранай у зборкі, для абшыўкі чаго-небудзь’ (ТСБМ). Праз рускае рюш ’тс’ або непасрэдна з ням. Rüsche ’фальбона на сукенцы’ < франц. ruche. (Фасмер, 3, 534).

Руша́ць ’зварочваць з поўні, пачынаць змяншацца (пра месяц)’, рушыць ’звярнуць з поўні, пачаць змяншацца (пра месяц)’ (ТС), ’чапаць, рушыць’ (Касп.). Гл. рушыцца.

Рушні́ца ’стрэльба’ (Гарэц., Мат. Гом., ТС), ’вінтоўка, ружжо’ (Сл. Брэс.). Запазычана праз польск. rusznica ’тс’ з чэшскай, дзе значыла ’ручная агнястрэльная зброя’ (Брукнер, 469).

Ру́шыцца ’скрануцца з месца, пачаць рух’, ’накіравацца’, ’абвальвацца’, ’разбурацца’ (ТСБМ), ’пачаць рух’, рушыць (ТСБМ), рушэнне ’паход’ (Гарэц. 1). Укр. ру́шити, руша́ти ’рухаць, варушыць’, рус. ру́шить ’разбураць’, польск. ruszyć ’рушыць, крануцца’, н.-луж. rušowaś ’бушаваць, шумець’, чэш. rušiti ’турбаваць (каго-небудзь), парушаць (цішыню)’, славац. rušiť ’крануцца, рушыць’, славен. rúšiti ’трэсці, калаціць, зносіць’, серб.-харв. ру̏шити ’разбураць’, балг. ру́ша ’тс’, ст.-слав. роушити ’тс’. Звязваюць з рух (гл.) і ў якасці індаеўрапейскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. raũsti, rausiù, rausiaũ ’рыць, капацца’, лат. ràust, ‑šu, ‑su ’разграбаць, месці’, літ. rausis ’пячора’, rūỹs, rūsas ’пограб’, ст.-ісл. rúst ’руіны, разбураная сцяна’ і інш. (Фасмер, 3, 525). Борысь (528) узводзіць да *rušiti [< *ruchi‑ < *rou̯s‑ī‑] ’надаваць рух, папіхаць, рушыць, парушаць’, вытворнае ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць, парушаць (напрыклад, зямлю)’.

Руя́ ’зграя (ваўкоў, сабак) у перыяд цечкі; гайня’ (ТСБМ). Польск. ruja ’час цечкі ў аленяў’ разглядаецца Брукнерам (468) разам з лат. raunas laikas ’час марцавання ў катоў’ — утварэнне ад кораня ru‑, прадстаўленага ў польск. rukać — пра падобны крык свіней, чэш. ruchati, рус. хрю́кать ’рохкаць’ і, верагодна, у бел. ро́хкаць. Але параўн. балг. дыял. ру́йва, ру́йне ’праступіць, пацячы, хлынуць’, рус. струя́ ’струмень’. Тут і.-е. *rou‑/*reu‑ (з пашырэннем ‑k‑, адсюль жа прасл. *ruk‑ у балг. ру́квам ’пацячы раптоўна і моцна, хлынуць (пра вадкасць); шугануць (пра агонь)’; з чаргаваннем галоснага ў корані гл. таксама рой, рака. Перанос з ’цечка’ на ’зграя ў час цечкі’, параўн. балг. рой і рус. рой (БЕР, 6, 340–341).

Ры́ба1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Рыба́к1 ’рыбалоў’ (ТСБМ; шальч., пух., Сл. ПЗБ; Сцяшк., ТС), ’рачная чайка’ (ТС), руск. дыял. рыбак ’тс’. Ад ры́ба (гл.)

Рыбак2 ’рабак’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’дажджавы чарвяк’ (кар., Шат.), ’гліст’ (ПСл). Ад раба́к (народнаэтымалагічнае асэнсаванне).

Рыба́ліць ’рыбачыць’ (Ян.; рэч., Нар. сл.). Ад рыба́лка (гл.), прычым л быў успрыняты як каранёвы зычны.

Рыба́лка1 ’рыбная лоўля’ (ТСБМ). Ад ры́ба (гл.)

Рыба́лка2 ’рыбак’ (Нас., Ян., Бяльк.; гом., Нар. словатв.; КЭС), ’чайка’ (хойн.), ’крачка балотная’ (Байк. і Некр.). Ад рыба́лка1 (гл.). Перанос назвы працэсу на ўтваральніка дзеяння.