Ру́шыцца ’скрануцца з месца, пачаць рух’, ’накіравацца’, ’абвальвацца’, ’разбурацца’ (ТСБМ), ’пачаць рух’, рушыць (ТСБМ), рушэнне ’паход’ (Гарэц. 1). Укр. ру́шити, руша́ти ’рухаць, варушыць’, рус. ру́шить ’разбураць’, польск. ruszyć ’рушыць, крануцца’, н.-луж. rušowaś ’бушаваць, шумець’, чэш. rušiti ’турбаваць (каго-небудзь), парушаць (цішыню)’, славац. rušiť ’крануцца, рушыць’, славен. rúšiti ’трэсці, калаціць, зносіць’, серб.-харв. ру̏шити ’разбураць’, балг. ру́ша ’тс’, ст.-слав. роушити ’тс’. Звязваюць з рух (гл.) і ў якасці індаеўрапейскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. raũsti, rausiù, rausiaũ ’рыць, капацца’, лат. ràust, ‑šu, ‑su ’разграбаць, месці’, літ. rausis ’пячора’, rūỹs, rūsas ’пограб’, ст.-ісл. rúst ’руіны, разбураная сцяна’ і інш. (Фасмер, 3, 525). Борысь (528) узводзіць да *rušiti [< *ruchi‑ < *rou̯s‑ī‑] ’надаваць рух, папіхаць, рушыць, парушаць’, вытворнае ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць, парушаць (напрыклад, зямлю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)