Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Рухо ст.-бел. ’вопратка’ (Ст.-бел. лексікон). Стараж.-рус. рухо ’скарб, манаткі’, рус. ру́хо ’адзенне’, польск. rucho ’тс’, кашуб. rëxë ’старое адзенне’, чэш. roucho ’святочнае адзенне, строй’, славац. rúcho ’тс’, серб.-харв. ру̏хо ’вопратка’, славен. rúho ’палатно, прасціна’, балг. ру́хо ’адзенне, вопратка’, макед. руво ’тс’. Прасл. *ruxo ’рухомая маёмасць, у прыватнасці, адзенне’, утворана ад *rušiti (гл. рушыцца, рухаць), звязана таксама з *rъvati (гл. рваць), гл. Брукнер, 467; Фасмер, 3, 524; Скок, 3, 167; Шустар-Шэўц, 2, 1254; SEK, 4, 190. Сюды ж рухамоцце, рухмаццё ’рухомая маёмасць, манаткі’, рухматло́ ’тс’ (Ласт.).

Рухо́мы ’здольны рухацца; які можна перамяшчаць’ (ТСБМ, Нас.), рухо́мый ’тс’ (Бяльк.), рухо́му ’жвавы, дзелавы’ (ТС), сюды ж рухо́масць ’уласцівасць і стан рухомага’, ’рухомая маёмасць’ (ТСБМ). Польск. ruchomy ’які можа рухацца; перамяшчальны’. Прасл. *ruxomъ — дзеепрыметнік залежнага стану цяперашняга часу ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (зямлю)’, ’перамяшчаць’ (гл. рушыць), утвораны як вядомы ад ведаць (Борысь, 526; Фурлан, Бязлай, 3, 205).

Руці́на ’боязь змен, застой, кансерватыўнасць, адсутнасць пачуцця новага’ (ТСБМ). З заходнееўрапейскіх моў, крыніцай для якіх было франц. routine ’спрыт; уменне; руціна; коснасць’ < route ’дарога, шлях, напрамак, наезджаны шлях’ (Чарных, 2, 128–129).

Руцня́ ’жменя вытрапанай і ачышчанай пянькі’, ру́цня ’жменя ільнянога валакна’ (Сл. ПЗБ), руцэ́нька ’жменя ачышчанага і вычасанага лёну’ (Нас.). Да рука (гл.), параўн. ру́чка ’мера вытрапанага лёну ў адну жменю’ (Сцяшк. Сл.), відаць, пад уплывам цокання.

Руцьмя́ны ’рутавы, упрыгожаны рутай’ (Кліх.; маладз., Гіл.), руцьвя́ны ’тс’ (Стан.). Ад рута (гл.) з рэдкім суфіксам ‑мян‑, паводле Карскага (2–3, 43).

Руч (ручь) ’выгода’, ’парука’, сюды ж рука́ ’выгода, зручнасць’: тобе рука тыды ѣхаць (Нас.), ’у самы раз, спадручна’ (ТС). Прыслоўнае ўтварэнне ад рука (гл.) па тыпу аберуч ’дзвюма рукамі’, насустрач і пад. (гл. Карскі 2–3, 71).

Руча́й ’невялікі вадзяны паток’ (ТСБМ, ТС), руча́й, ручэ́й ’тс’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Сюды ж ручаі́на ’невялікі ручай’ (ТСБМ), ст.-бел. ручавина ’невялікі ручай, раўчук’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руча́й ’ручай’, рус. руче́й ’тс’, польск. ruczaj ’тс’, чэш. паэтычнае ručej ’горная ручаіна, ручай’ (пры звычайным potok ’ручай’), славац. ručej, ručaj ’ручай’, в.-луж. ručej ’тс’, балг. ру́чей ’тс’. Стараж.-рус. ручаи (Аповесць мінулых гадоў), ручии, ручьи > ручей (Сразн., 3, 199–200). Прасл. *rečajь < *rukējь, дзе ‑ēj(ь) — суфікс (як у *lišajь, *obyčajь і інш.) і той жа корань, што ў прасл. *rykati/*ryčati ’рыкаць’. Параўн. славен. rukati (пра аленя) ’раўці ў час цечкі’; славац. ručať ’мычаць’, в.-луж. ryčeč ’рыкаць’ (Чарных, 2, 129) і асабліва балг. руча́ ’бурчаць, булькатаць’, ру́квам ’раптоўна пацячы’ < прасл. *ruk‑ (гл. БЕР, 6, 341, 357; Фасмер, 3, 524).

Руча́йка ’верацяно з наматанымі на яго ніткамі’; ’жменя лёну (валакна)’ (ТСБМ), ручэ́йка ’пачынак, пража на адно верацяно’ (бялын., Нар. сл.; лаг., Гіл.), ’скрутак ачышчанага валакна’ (маладз., Янк. Мат.). Магчыма, з першаснага значэння ’жменя’, ’рука’ развіліся астатнія. Да рука (гл.), параўн. балг. ръко́йка ’жменя калоссяў, якую можна захапіць адной рукой’.

Руча́йнік, руча́сьцік ’збан з двума дзяржаннямі’ (Касп.). Да рука (гл.).

Ручанцы́ ’дванаццаць дзён пасля з’яўлення на свет (пра маладняк свойскай жывёлы)’ (Юрч. Фраз.). Гл. рачанцы.