Русува́ць ’злаваць, шалець, лаяцца’ (Бяльк.). Няясна.
Ру́сы ’светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы)’ (ТСБМ). Укр. ру́сий ’русы’, рус. ру́сый ’тс’, польск. rusy, чэш. rusý ’светлавалосы, цялеснага колеру’, славац. rusý ’тс’, славен. rȗs ’чырвоны, жоўты’, серб.-харв. ру̏с ’тс’, балг., макед. рус ’светлавалосы’. З прасл. *rusъ, *rudsъ, роднаснага да руда, руды, рыжы (гл.). Індаеўрапейскія паралелі — літ. raũsvas ’чырванаваты’, rùsvas ’цёмна-карычневы’, rusė́ti ’тлець’, ruslės ’прысак’, лат. rusls ’карычневы’, rûsa ’іржа’, лац. russus ’чырвоны, рыжы’ і інш. (Фасмер, 3, 521–522; Бязлай, 3, 208; ESJSt, 13, 781).
Русьня́ ’сноп ільну’ (бешанк., Нар. сл.). Гл. руцня́.
Русьць, рюсьсць ’раўці, плакаць’ (Бяльк.), рюсть ’голасна плакаць’ (Растарг.), рюсь ’тс’ (віц., Мат.), параўн. укр. гуц. рю́сти ’рычаць, крычаць ад болю’, стараж.-рус. рюти ’раўці’, славен. rjúti, чэш. řúti, польск. rzuć ’тс’, ст.-слав. рюти. Першаснае прасл. *rʼuti, *rovǫ яшчэ ў праславянскую эпоху трансфармавалася ў *reuti, *revǫ, гл. раўці (Сной₂, 625; ESJSt, 13, 771, 785 з літ-рай). Гл. таксама Карскі, 1, 182; 2–3, 58 (звяртае ўвагу на паралельныя формы раве́ць, раўсці́, раўці́, рюсь у беларускай мове).
Ру́та ’від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства рутавых з жоўтымі кветкамі і лісцямі, у якіх змяшчаецца эфірнае масла’ (ТСБМ), ’рута, Ruta graveolens L.’ (Кіс., Стан.), ’нешта вельмі зялёнае (у параўнанні)’ (ТС), ’пакаёвая расліна, вазон’ (маладз., Янк. Мат.), ру́та, ру́та‑мя́та ’травяністая расліна’ (Кос., Растарг.). Укр. і рус. ру́та. Праз польск. ruta з с.-в.-ням. rûte ’рута’ < лац. ruta ’нейкая горкая трава’ (Фасмер, 3, 523).
Рутаўё́ ’доўгі чаранок у прыладах (лапаце, вілах і інш.)’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ручка мятлы’ (ЭШ). Гл. ратаўё.
Ру́твіца ’род адна- і шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства матыльковых’ (ТСБМ), ’расліна Lotus L.’ (Кіс.). Ад рута (гл.).
Рух ’перамяшчэнне’, перан. ’грамадская дзейнасць, масавыя выступленні’, ’рост, развіццё’, ’перамяшчэнне, рухавасць’, ’шум’ (Сл. ПЗБ), ’перамяшчэнне, рухавасць’ (ТС), ’перамяшчэнне’, ’трывога’ (Нас.). Борысь (Борысь, 526) тлумачыць прасл. дыял. *ruxъ ’рух’ як назву дзеяння ад вытворнага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (напрыклад, зямлю)’ < *rušiti ’надаваць рух, піхаць, штурхаць, пераварочваць, звальваць’ (гл. рушыцца, рушыць). Паводле Фасмера (3, 524), наадварот — дзеяслоў рус. ру́шить выводзіцца ад рух.
Ру́хаць 1 ’перамяшчаць’, ’прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць’, ’кранаць’ (ТСБМ). Параўн. укр. ру́хати ’перамяшчаць’, польск. ruchać ’тс’, славен. rúhati ’перамяшчаць, трасці’. Прасл. *ruxati, суадноснае з *rušiti, гл. рушыць. Той жа праславянскі корань, што і ў рух (гл.). Сюды ж руха́вы ’хуткі, рухлі́вы ’тс’.
Ру́хаць 2 ’рохкаць’ (Сл. ПЗБ), ру́хкаць ’тс’ (ТС), рю́хать ’тс’ (Растарг.). Гукапераймальнае.
Рухля́вы ’рухавы’ (саліг., Нар. словатв.; Сл. Брэс.), рухля́вый ’рухавы’ (Сл. Брэс.). Магчыма, кантамінацыя рухавы і рухлівы, гл. рухаць.