Ры́ба1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)