Ры́дка ’мурашка’ (калінк.). Няясна. Магчыма, ад рыць (гл.), паколькі мурашкі капошацца, “рыюцца” ў зямлі, або, калі прыняць, што ў аснову намінацыі быў пакладзены колер, ад руды > *рыды > рыдка.
Рыдлёўка, рыдля́ўка ’лапата’ (ТСБМ, ТС, Сцяшк.; смарг., лід., маст., вільн., нараўл., шчуч., дзятл., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц.), ’заступ’ (Гарэц.), рыдлёўнік ’дзяржанне ў лапаце’ (паст., Сл. ПЗБ), ры́для ’рыдлёўка’ (Сл. Гродз.). Сюды ж рыллёўка ’лапата’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Ад рыць, ры́ла (гл.).
Ры́для ’драўляны каркас (дыяганальна перакрыжаваныя бярвенні) у цаглянай сцяне’ (брэсц., Нар. сл.). Гэта лексема этымалагічна звязваецца з ням. Riegelbau ’фахверк’, якой даўней, у XV–XVII стст., на Беларусі называлі “прускі мур” (Лучыц-Федарэц, Бел. лінг., 17, 65–66).
Рыдлява́ць ’счышчаць бруд з паверхні чаго-небудзь’ (глыб., Сл. ПЗБ), рыдлава́ць ’капаць зямлю рыдлёўкай’ (Сл. Гродз.). Да рыдлёўка (гл.).
Рыдня, рыдзіонка ’хата’ (Дмитриев, 241), рэдня́, рыдня́ ’тс’ (Доўн.-Зап., Шн., 23, 191), рыделька ’тс’ (Дэмб.), рыдзелька (свянц., лепей.), рыдзелка (арш.), грэдзенька (віц.), рыдля (Шн.). Нікольскі сцвярджае, гэта месца жыцця святых, суадносячы лексему з дзеясловам рыць, ад якога і паходзіць ры́для ’будыніна, ніжнія вянкі якой знаходзяцца ў зямлі’. Разам з тым ён дапускае, што рыдля — ’гумно’, у якім ток выраўноўваецца рыдлёўкай. Апошняе здаецца непраўдападобным. Хутчэй за ўсё тут маецца семантычны перанос: ’жыллё’ — ’гаспадарчы будынак’. Але гэту лексему не трэба атаясамліваць з брэсц. рыдля ’драўляны каркас у цаглянай сцяне’ (гл.). Бел. рыдня нельга аддзяліць ад віц. грыдня ’дом, хата’, ’гумно, дзе складалі збожа’, ці ад грыня, у якім ‑дн‑ перайшло ў ‑нн‑, а апошняе ў ‑н‑. Калі ўлічыць, што пачатковае г‑ у бел. гаворках магло перад зычнымі знікаць, можна сцвярджаць, што ўсе вышэй пададзеныя варыянты ўзыходзяць да ст.-бел. гридня ’прыбудова да княжацкага палаца, дзе знаходзілася варта або слугі’, ’зала для гасцей’, ’турма’, якое з’яўляецца працягам стараж.-рус. гридня ’памяшканне для целаахоўнікаў’. Апошняе паходзіць ад гридь ’грыдзь’ < ст.-сканд. griđi ’целаахоўнік’ (Фасмер, 1, 458; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 65–66).
Рыдыкю́ль ’ручная жаночая сумачка’ (ТСБМ). У беларускую трапіла праз польскую або рускую з фр. ridicule, ням. Ridikül, у якія прыйшло з лац. reticulum.
Рыдэлак ’металічная прылада для акучвання бульбы’ (Інстр. 1, 40). Памяншальнае ад ры́дзель (гл.).
Рыжа́ ’іржа’ (Сцяшк. Сл., Сцяц., Жд. 3), ’рудая вада на балоце’ (зэльв., ЛА 2). Ад іржа́ (гл.) у выніку метатэзы, параўн. славац. rzavka ’іржавая вада на балоце’.
Рыжава́нье ’бадзяга, травяністая расліна’ (ПСл). Ад ры́жы (гл.) па колеры расліны.