Рыдня, рыдзіонка ’хата’ (Дмитриев, 241), рэдня́, рыдня́ ’тс’ (Доўн.-Зап., Шн., 23, 191), рыделька ’тс’ (Дэмб.), рыдзелька (свянц., лепей.), рыдзелка (арш.), грэдзенька (віц.), рыдля (Шн.). Нікольскі сцвярджае, гэта месца жыцця святых, суадносячы лексему з дзеясловам рыць, ад якога і паходзіць ры́для ’будыніна, ніжнія вянкі якой знаходзяцца ў зямлі’. Разам з тым ён дапускае, што рыдля — ’гумно’, у якім ток выраўноўваецца рыдлёўкай. Апошняе здаецца непраўдападобным. Хутчэй за ўсё тут маецца семантычны перанос: ’жыллё’ — ’гаспадарчы будынак’. Але гэту лексему не трэба атаясамліваць з брэсц. рыдля ’драўляны каркас у цаглянай сцяне’ (гл.). Бел. рыдня нельга аддзяліць ад віц. грыдня ’дом, хата’, ’гумно, дзе складалі збожа’, ці ад грыня, у якім ‑дн‑ перайшло ў ‑нн‑, а апошняе ў ‑н‑. Калі ўлічыць, што пачатковае г‑ у бел. гаворках магло перад зычнымі знікаць, можна сцвярджаць, што ўсе вышэй пададзеныя варыянты ўзыходзяць да ст.-бел. гридня ’прыбудова да княжацкага палаца, дзе знаходзілася варта або слугі’, ’зала для гасцей’, ’турма’, якое з’яўляецца працягам стараж.-рус. гридня ’памяшканне для целаахоўнікаў’. Апошняе паходзіць ад гридь ’грыдзь’ < ст.-сканд. griđi ’целаахоўнік’ (Фасмер, 1, 458; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)