Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рыгава́ння, рэгава́нне, рыго́ўка ’матэрыял, якім пакрываецца вата пры пашыве ватняга адзення’ (іўеў., валож., шальч., астрав., Сл. ПЗБ), рыгава́не ’вацін’ (Сцяшк. Сл.). Звязана з польск. ryga ’лінія’, ’рад’, rygować ’прышываць падкладку, вату’, якія з’яўляюцца запазычаннямі са ст.-в.-ням. rihe ’рад’, ’лінія’, ’рыска’, ням. Reihe ’рад’, ’шарэнга’.

Ры́галь ’падваліна пад падлогай’ (бяроз., Нар. сл.). Няясна. Верагодней за ўсё гэта запазычанне з ням. Riegel ’засаўка, запор, замок’, як і некаторыя іншыя будаўнічыя тэрміны.

Рыга́ць, рыгаці ’ванітаваць’ (ТСБМ; астрав., чэрв., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ), ’адрыгацца пасля яды’ (Нас.), ры́гі ’ваніты’ (шчуч., Сл. ПЗБ), рыгну́ць душо́ю ’памерці’ (Гарэц.) рус. дыял. рыга́ть ’рыгаць’, ’ванітаваць’, ’плакаць’, укр. рига́ти, польск. rzygać ’ванітаваць, рыгаць’, ryhać ’рыгаць’, ’кашляць’, в.-луж. rihać ’адрывацца’, н.-луж. rygaś ’адрывацца’, чэш. řihati ’ванітаваць’, славен. rígati ’ванітаваць, рыгаць’, rîga ’адрыванне’, ’частка выступаючай зямлі’, серб.-харв. рѝгати ’рыгаць’, ри̏гавица ’ікота’, ’адрыжка’, балг. ри́гам, макед. рига ’рыгаць’, ст.-слав. рыгати сѧ. Прасл. *rygati: *rigati ’рыгаць, адрываць’ (Копечны, 313). Да і.-е. *rug, з іншай ступенню вакалізму *reu‑g ’рваць’, ’цягнуць’, параўн. грэч. ἐρυγή побач з ἐρεύγομαι ’плюю’, ’рыгаю’ у той час, як у балтыйскай групе побач з літ. rúgti ’кіснуць’, ’адрываць кіслым’, лат. rûgt ’брадзіць’, ёсць і перагаласоўка перфекта, параўн. літ. riáugeti ’кіснуць’, лат. raûgtiês ’рыгаць’ (Фасмер, 3, 526 з літ-рай; Скок, 3, 140; БЕР, 6, 248; Аникин, Этимология–1982, 75–77; Куркіна, ОЛА, Исследов. 278–280).

Ры́гаць ’плакаць наўзрыд’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Юрч.), ’рыпець, скрыпець’, ’мурлыкаць’ (ТС), ’адрывацца’ (Гарэц.), ’скрыпець’ (Юрч.), ры́гнуць ’скрыпнуць, рыпнуць’ (ТС), ры́ганне ’плач наўзрыд; крывадушная прысяга’ (Нас.), ’скрып, рыданне’ (Юрч.). Гукапераймальнае слова. Семантычны наватвор на аснове рыга́ць (гл.), параўн. рус. рыга́ть ’плакаць’. Але ў гэтым выпадку застаецца незразумелым перанос націску. Магчыма, такім чынам размяжоўваецца семантыка.

Рыгва́ ’дрыгва’ (чэрв., ЛА, 2), рыга, рыгва́ ’горла, рачныя рукавы, на якія рака падзяляецца пры ўліванні ў вусце’ (Ласт.). Утворана ад дрыгва́ (гл.) у выніку адпадзення пачатковага зычнага, як дрыжва́ ад дрыжа́ць, брахва́ ад браха́ць (Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34, 85). З іншага боку, не выключана магчымасць утварэння ад рыга́ць (гл.), параўн. рыгво́ ’горла’.

Рыгво́ ’горла’ (Сл. Гродз.). Утворана ад рыга́ць (гл.), як лятво́ ’ляток’ ад лята́ць, мыцьво́ ’бялізна’ ад мыць (Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34).

Ры́гель ’жалезная засаўка’ (В. В. 116), ст.-бел. рыгель ’засаўка’ (1653). З ням. Riegel ’засаўка’, магчыма, праз польскую, параўн. польск. rygiel ’тс’.

Ры́гер ’кроква’ (бяроз., Нар. сл.). Няясна, магчыма, праз польск. ryg звязана з ням. Riegel ’засаўка’.

Ры́глі ’вілы для гною’ (Сл. Брэс.). Ад ры́длі (гл.).

Рыда́ць ’голасна, сутаргава плакаць’ (ТСБМ), ст.-бел. рыдати, рыдание, рус. рыда́ть, укр. рида́ти, чэш. rydati, славац. rydať, серб.-харв. ри̏дати, ’стагнаць’, балг. рида́я, ст.-слав. рыдати. Чаргаваннем галосных звязана са ст.-чэш. ruditi ’засмучаць, азмрочваць’, в.-луж. wurudzić, zrudzič ’пакрыўдзіць’, zrudny ’сумны’, н.-луж. zruźiś ’засмучаць, азмрочваць’. Прасл. *rydati ’стагнаць’, ’крычаць’, ’плакаць’, ’лямантаваць’, корань *ryd (ад *ruditi, дзе u > ў). Корань *ru‑ знаходзім у *rukati (> бел. ры́каць). Далей звязана з прасл. *revati (> бел. раўсці). Ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе аб і.-е. гукапераймальным корані *reu: *ru, які пашыраны фармантам ‑d‑ у *rydati, у іншых выпадках ‑qo‑ (*rykati), або без фармантаў у *rjuti, *ruti (Покарны, 1, 867; Махэк₂, 526; Скок, 3, 138; БЕР, 6, 251; Чарных, 2, 130). Роднаснае да літ. raudà ’плач, аплакванне’, raudóti ’плакаць, наракаць’, лат. raûda ’стогы, плач’, raûdât ’плакаць’ (Фасмер, 3, 526–527 з літ-рай). Прасл. *rydati ’плакаць’ не трэба блытаць з аманімічным *rytati ’чырванець’, які ўзыходзіць да і.-е. *reudh‑ ’чырвоны’ (Горячева, Этимология 1971, 206–207).

Ры́даць ’пра пачатак дзеяння’: авёс тут і ня рыдаў расьці (Шат.). Ужываецца толькі з адмоўем. Можна супастаўляць са славац. дыял. rydať sa, серб.-харв. ridati ’рухаць’, ’цягнуць, падымаць’, балг. ри́да се ’разблытвацца, распаўзацца’ і лічыць працягам прасл. *ridati ’рухацца’, роднаснага да лат. raidit ’гнаць’, raiditiês ’варушыцца’, ням. reiten ’ездзіць верхам’, герм. *ridan (і.-е. *reidh: *ridh ’рухацца’) (Махэк₁, 430; БЕР, 6, 250–251). Сюды ж можна дадаць яшчэ і славац. ’рухацца, непакоіцца’. Сюды, ж, магчыма, адносіцца і серб.-харв. ridati ’рухаць, цягнуць, падсоўваць’, ridati se ’рухацца’. Скок лічыць слова няясным (Скок, 2, 138). Фіксуецца балгарскі прыметнік риды́й: рида вода, поройна вода ’бурная, ліўневая вада’. Падаецца магчымым мяркаваць сувязь гэтага прыметніка з прасл. *ridati ’рухацца’. Аднак балг. риды́й указвае на зыходнае і.-е. *erei‑, reiə, ri ’цячы’, параўн. прасл. *izroj; ст.-слав. выринѫти, ринѫтисѧ. Гэта супярэчнасць магла б быць ліквідавана, калі прыняць пад увагу пункт гледжання Вальдэ, які лічыў, што і.-е. *reidh ’ехаць’, ’быць у руху’ з’яўляецца, магчыма, расшырэннем і.-е. *erei‑, *eroi, параўн. польск. rzewnić ’рабіць рухомым’, якое ўзыходзіць да гэтай і.-е. праформы (Покарны, 1, 330–331; Горячева, Этимология–19861987, 157).

Рыдва́н ’вялікая дарожная карэта’ (ТСБМ), ’дужы чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.), ридва́нъ, ридва́нчикъ ’адкрытая лёгкая каляска’ (Нас.), ст.-бел. рыдванъ ’крыты воз’ (1582), рус. дыял. рыдва́н ’воз для снапоў’, ’калымага’, укр. ридв́ан. Слова прыйшло праз польскую мову, параўн. польск. rydwan ’карэта’, ’воз, калёсы’, з с.-в.-ням. reitwagen, нова-в.-ням. Reitwagen ’калёсы, воз’ (Булыка, Запаз., 290; Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471).