Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Размо́ва ’гаворка’, ’мова, вымаўленне’ (ТСБМ), ’размова’ (швянч., Сл. ПЗБ; Бяльк., Гарэц., Шпіл., Булг., Мал., Др.-Падб.), ’рознагалоссе’ (Нас., Гарэц.). Сюды ж размо́вка ’сварка, спрэчка, нязгода’ (Нас.). Да мова (гл.). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. rozmowa ’гаворка; перамова’ (Бел.-рус. ізал., 9).

Размо́згнуць ’разварыцца; разамлець’ (слонім., Нар. словатв.), рус. мо́згнуть ’гніць, псавацца, пакрывацца цвіллю’, мо́зглый ’гнілы’, (про)мо́зглая погода ’сырое, мокрае надвор’е’. Чарных (1, 538) звязвае з мзга < *мъзга < прасл. *mъsga з суф. ‑g‑a, сюды ж таксама стараж.-рус. мꙋзгъ ’ціна’. Узводзяць да і.-е. кораня *meu‑(:*mou‑):*mŭ ’сыры’, ’мокры’, ’брудны’, ’гнілаваты’ з пашыральнікам ‑s‑ (Покарны, 741–742). Іншыя версіі гл.: ЭССЯ, 18, 223–225 (*mězga), 21, 96–97 (*mozgъ). Гл. таксама мазглявы.

Размузне́ць ’стаць мяккім, ператварыцца ў месіва’ (Скарбы). Ад муза́2 (гл.).

Размундзе́рыць ’адкрыць так, каб быў доступ да чаго-небудзь’ (Нар. Гом.). Семантычная інавацыя на базе мундзі́р (гл.) праз ’зняць мундзір’ > ’зняць верхняе покрыва’ > ’раскрыць’.

Размуні́чыць ’разабраць, папсаваць’ (Сцяшк.). Да амуніцыя?

Размэ́нзацца ’расплакацца’ (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з няяснай этымалогіяй ад разма́зацца. Па форме “неапаланізм”.

Размязжу́ліць ’раструшчыць’ (Нас.), размяжджу́рываць ’груба расціскаць’ (Юрч. СНЛ), мяжджу́рыць ’расціскаць’, ’біць, таўчы’, ’прагна есці’ (там жа), размяжжурыць ’разбіць на дробныя часткі’ (Шымк. Собр.), ’раздушыць’ (Касп.). Ад мязга́1, гл.

Размяка́ць ’разбухаць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’размакаць’ (Нас.), размякчэ́ць ’зрабіцца мяккім’ (Юрч. СНЛ). Ад раз- і мя́кнуць (гл.).

Ра́зна, ра́зьня, ра́зне ’па-рознаму’ (брасл., трак., Сл. ПЗБ). З рус. ра́зно, магчыма, пад уплывам польск. różnie ’тс’.

Ра́зна (ра́зно) ’раўнамерна, аднолькава роўна’, ра́зне, ра́зня ’заўсёды’ (Сл. Брэс.). Вытворныя ад раз (гл.).

Разна́да ’ласунак’ (шчуч., Сл. ПЗБ), разна́дзіцца ’панадзіцца’, ’рассмакавацца’ (дзятл., шчуч., пух., Сл. ПЗБ), разна́дзіць ’разахвоціць’ (маст., Сл. ПЗБ), разнаджаны ’разласаваны’ (лід., Сл. ПЗБ). Магчыма, утворана па мадэлі слова прына́да (гл.), дзе пры‑ было ўспрынята як прыстаўка. Гл. надзіць.