Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Разнара́дка ’размеркаванне каго-, чаго-небудзь у планавым парадку’, ’распараджэнне аб такім размеркаванні’ (ТСБМ). З рус. разнаря́дка ’дакумент, распараджэнне аб выкананні якой-небудзь працы або аб адпраўцы чаго-небудзь’.

Разне́слух ’найвялікшы неслух’ (Нас.). Паводле Карскага (2–3, 90), ад не́слух (гл.) з прыслоўем раз (гл. раз-), што надае ўзмацняльнае значэнне.

Разні́к ’хто забівае жывёлу’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’мяснік’ (Яруш.), укр. різни́к ’разнік’, ’прадавец мяса’, в.-луж. rěznik ’мяснік’. Ад рэ́заць (гл.).

Разні́ца ’бойня’ (ТСБМ; зэльв., Сл. ПЗБ), ’сячкарня’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’бойня’, ’крама, дзе прадаюць мяса’ (Бяльк., Янк. БП, Яруш., Бір. Дзярж.), в.-луж. rěznica ’бойня’. Ад рэ́заць (гл.).

Разныкаць ’вымусіць часта згінацца’ (Юрч. СНЛ). Да ны́каць 1 (гл.).

Разняго́дзіцца ’устанавіцца негадзі’ (Янк. 2), ’раздажджыцца’ (Некр.). Ад няго́да (гл.) па ўзоры распаго́дзіцца.

Разняха́яць ’стаць лянівым’ (Ян.). Утворана ад часціцы няха́й, як разво́йкацца.

Разо́к ’кавалак зямлі, поля і засценак’ (Бяльк.). Ад рэ́заць, рэз (гл.).

Разо́нт: у разонт прымаць ’улічваць, прымаць пад увагу’ (Нар. Гом., Ян.), разо́н ’увага’ (Сцяшк. Сл.), ’упэўненасць, адвага’: грошы много даюць разону (Сержп. Казкі). Ад рэзо́н ’слушнасць, рацыя’, ’довад’. Застаецца незразумелым з’яўленне ‑т.

Разо́нцы ’бульба, разрэзаная напалам і звараная ў мундзірах’ (пін., Нар. лекс.). Утворана ад рэ́заць (гл.) з дапамогай суфікса ‑он(е)ц‑, як ляжа́нец ’абложная зямля’, перабіра́нец ’від посцілкі’. Гл. таксама рэзанец.