Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разо́нцы ’бульба, разрэзаная напалам і звараная ў мундзірах’ (пін., Нар. лекс.). Утворана ад рэ́заць (гл.) з дапамогай суфікса ‑он(е)ц‑, як ляжа́нец ’абложная зямля’, перабіра́нец ’від посцілкі’. Гл. таксама рэзанец.

Разо́ра ’баразна’ (ТСБМ), розо́ра, рузо́ра, разо́рка, розо́рка ’разора’ (маст., пух., гродз., лід., нараўл., драг., пруж., шчуч., Сл. ПЗБ), разо́рына ’баразна’ (Нас., Сцяшк.), разо́р ’разора’ (Нар. лекс., Нар. Гом., Выг., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Яруш., Дэмб.). Утворана ад раз- і араць (гл.). Сюды ж разо́рваць ’выворваць бульбу’ (Сцяшк., Янк. 3.), разо́раны, разо́раты ’узараны’ (Сл. ПЗБ).

Разо́ўка ’мука грубага памолу’ (Сл. ПЗБ), ’мука з абдзіранага зерня’ (Сцяшк.), ’сорт пшанічнай мукі’ (Ян.), разо́вы ’буйна змолаты’ (Сл. ПЗБ), укр. разо́вка ’груба змолатая мука’, разо́ви́й ’хлеб з мукі грубага памолу’, польск. razować ’малоць збожжа на муку’, razowy ’адзін раз змолатая мука’, ’хлеб з разовай мукі’. Ад раз ’адзін’, паколькі разовай называлі муку, якую малолі толькі адзін раз.

Разпрыва́ць ’размякаць, разбухаць’ (Сцяшк.). Ад прэць (гл.).

Разра́дка ’частка выплаты падатку, доўгу’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Ад рад ’чарга’ (гл. рад1), магчыма, пад уплывам слова рата (гл.).

Разразі́ць ’растрывожыць’: пабіў калена і так разразіў рану, што аж гніць пачала (Сцяшк. Сл.), розразі́ць ’сапсаваць, атруціць’ (ТС), з іншым трываннем, разража́ць ’раздражняць’ (Ян.), ’узбуджаць’ (Юрч.), разража́цца ’запаляцца, чырванець’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад раз- і разіць (гл.). Паводле Варбат (Зб. Трубачову, 26), сюды ж рус. дыял. разрази́ть ’растрывожыць, растравіць (рану)’, ’раздражніць, расстроіць’, укр. разрази́ти ’раздражніць, растравіць’ (< прасл. *orzraziti), а таксама стараж.-рус. раздразити ’разбіцца’, ст.-польск. rozdrazic się ’тс’, ст.-слав. роздразити ’разбіць’ з выдзяленнем асновы *draziti > *dražiti, гл. дражніць.

Разразні́ць (разразьні́ць) ’раздзяліць што-небудзь на часткі’, ’прымусова разлучыць некалькі асоб’ (Янк. 1). Ад ро́зніца2 (гл.), магчыма, пад уплывам рэ́заць.

Разра́яць ’разлучыць, развесці’ (Сцяшк. Сл.). Ад раз- са значэннем дзеяння, супрацьлеглага папярэдняму, і ра́іць (гл.), як антонім да пара́іць, нара́іць (я на месцы і з’яўляецца вынікам моцнага якання).

Разры́нуцца (разри́нуцьца) ’разваліцца, седзячы або лежачы’ (Нас., Гарэц.), ’растаўсцець’ (Нас.). Сюды ж, відаць, розруні́цца ’зрабіцца тоўстым, раздацца’ (ТС), у такім выпадку, магчыма, да руні́цца ’усходзіць, зелянець’, што да руно́ ’густая рунь’ (ТС).

Разры́ўка ’занятак’ (брасл., парад., Сл. ПЗБ), ’забаўка’, ’разрыў’ (Нас., Шн. 2), разрыва́ць ’забаўляць’ (Нас.). З польскага rozrywka ’забаўка, пацеха’. Сюды ж і разры́ў ’перапынак у працы’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Хаця не выключае, што гэта самастойнае ўтварэнне.