Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разэ́ля ’неахайны чалавек’ (Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне ад уласнага імя Разэ́ля (ад Разалія), зафіксаванага ў творах Л. Калюгі. Нельга выключыць і магчымы ўплыў літ. rė́zla ’пузаты, чараваты чалавек’, rė̃zlinti ’плесціся, павольна ісці’.

Раз’юры́цца ’разгуляцца’, ’раззлавацца, раз’юшыцца’ (Нас.; ашм., іўеў., Сл. ПЗБ), ’раздурэцца’, ’разгуляцца’ (Сцяшк. Сл.), разъюры́тсь ’раздражніць’ (Шпіл.), разʼюры́цца ’распаліцца палавой страсцю’, разʼюраны ’той, каго ахапіў непамерны шал’ (слонім., Жыв. НС), розʼюры́цца ’раз’юшыцца’ (ТС). Ад раз- і юр, юры́ць (гл.).

Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыцца ’разарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Разя́ва, разява́ка ’няўважлівы чалавек’ (ТСБМ), разе́ва, разёва, розя́ва, раззёва, роззя́ва ’хто няўважлівы’ (віл., шчуч., лід., дзятл., беласт., ваўк., Сл. ПЗБ; Скарбы, Сцяшк. Сл., ТС), разявёня ’разява’ (Янк. 2), разяво́н ’разява’ (Юрч.), разява́ка ’разява’ (брасл., Сл. ПЗБ), разяве́ня ’някемлівы’ (Сцяшк. Сл.), разява́ты ’някемлівы, нецямлівы’ (Янк.), разяво́нічка ’разява’ (Юрч. СНЛ). Ад разя́віць (гл.). Звычайна разглядаецца як вытворнае ад зява́ць (гл.). Непадаўжэнне ‑з‑ магчыма ў выніку дээтымалагізацыі слова. Або можна меркаваць, што быў нейкі корань *inąti, *jati. Такім чынам, утворана аналагічна да рус. рази́ня, якое з *orz‑ і *žinǫti (Фасмер, 3, 434).

Разя́віць ’раскрыць (рот)’ (ТСБМ), раззя́віць, роззя́віць, разьзя́віць ’раздуць, раскрыць (рот)’ (смарг., лях., віл., беласт., маст., шчуч., Сл. ПЗБ; Гарэц., Нас., Мал., Мядзв., Др.-Падб., Мат. Гом.), ’крычаць’, перан. ’адчыніць’ (Сл. ПЗБ), розя́віць, роззя́віць, розе́віць ’шырока адкрыць (рот)’ (ТС), разя́віцца, разя́віца ’раскрыць рот’, ’крычаць’, ’раскрычацца’ (шальч., трак., шчуч., даўг., Сл. ПЗБ), разяўля́цца ’зяваць’ (Яруш.). Ад раз- і зява́ць (гл.).

Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).

Раз’яры́цца ’узлавацца’ (Інстр. 3), ’разгуляцца’ (паст., Сл. ПЗБ), разʼя́рыцца ’страшэнна зазлаваць’ (Варл.), розʼяры́цца ’раз’юшыцца’ (ТС), серб.-харв. разја́рити се ’раззлавацца, выйсці з сябе’, рус. разъяри́ться ’тс’, славен. razjáriti, razjáriti se ’узлавацца’, ’выйсці з сябе’. Ад яры́цца (гл.), што ў сваю чаргу ад *jarъ(jь) (ЭССЯ 8, 174).

*Раз’я́трыцца, розʼятрыцца ’моцна раздражніцца, раззлавацца, раз’юшыцца’, ’развярэдзіцца, разбалецца’ (КСТ), разʼя́дрыцца ’развярэдзіцца, разбалецца’, ’разрасціся’ (чэрв., шчуч., Сл. ПЗБ). Ад я́трыць, я́трыцца ’запаляцца, чырванець’ (гл.).

Раз’яш́чыць ’расчыніць (пра дзверы)’ (Ян.), ’расчыніць насцеж’ (Жыв. сл.), разья́шчыць ’расчыніць (дзверы, акно)’ (З нар. сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне цьмянага паходжання. Магчыма, роднаснае да яшчык (гл.), параўн. больш ранняе польск. дыял. jaszcz ’пасудзіна, выдзяўбаная з дрэва’ (адносна яго гл. Саднік-Айцэтмюлер, 1, 33; Банькоўскі, 1, 577), што, аднак, не тлумачыць семантыку слова. Семантычна бліжэй н.-луж. jašk ’адтуліна ў жаку’, што ўзводзіцца да прасл. *askъ (Трубачоў, ЭССЯ, 1, 81), якія таксама не маюць надзейнай этымалогіі.

Раз-, рас- — прыстаўка, гл. таксама роз- (рос‑), рус. раз‑ (рас-), рос‑ (роз-), разо‑, укр. роз-, польск. roz‑, н.- і в.-луж. roz‑, славац. raz‑, roz‑, чэш. roz‑, славен. raz‑, серб.-харв. раз‑ (рас-), балг. раз‑, ст.-слав. раз‑, роз‑. Да прасл. *orz‑. Некаторыя збліжаюць прасл. *or(z)‑ з літ. ardýti ’разлучаць, разбураць’, асец. œrdœg ’палавіна’, ст.-інд. árdhah ’палавіна’ (Покарны, 1, 333). Рэканструяванае orz‑ з *or‑ і ‑z‑ (як у прыназоўніка без, гл.); *or‑ звязваюць з *oriti, што ў *orzoriti (гл. разарыць), можа быць роднасным ar‑ у араць (гл.), далейшыя сувязі з *rědъkъ (гл. рэ́дкі) (ESSJ, 1, 149). Мяркуецца, што першапачаткова *orzъ было назоўнікам і прыслоўем. Магчыма рэканструкцыя і.-е. *ordh‑/*ardh‑, з якога ў далейшым пры ўзаемадзеянні з пачатковымі зычнымі слоў узнікла прыстаўка (Глухак, 520). Асноўнае яе значэнне ў прыдзеяслоўным ужыванні — ’адлучэнне, адасабленне, разбурэнне’ (Сной₂, 604), у прыіменным ужыванні — ’узмацненне’ (ESSJ, 1, 148).