Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разлупа́шываць ’моцна раздзіраць’ (Юрч. СНЛ), разлупе́чываць ’тс’ (там жа). Утворана ад разлупі́ць ’раздзерці’ з дапамогай экспрэсіўных суфіксаў ‑ашы‑, ‑ечы‑. Гл. лупі́ць1.

Разлуча́ць ’падзяляць на часткі’ (лід., Сл. ПЗБ), разлуча́цца ’падзяляцца на часткі’, ’адслойвацца (пра малако)’ (астрав., лаг., Сл. ПЗБ). Да лучы́ць1 (гл.), параўн. ст.-слав. разлѫчити ’аддзяліць’ і пад. (< *orz‑lǫčiti, аб семантычным развіцці *lǫčiti ад ’разлучаць’ да ’злучаць’ гл. ЭССЯ, 16, 132–133).

Разляле́цца ’разбалецца’ (лід., Сл. ПЗБ). Верагодны роднаснае з укр. ле́ле ’выклічнік для выражэння жалю, страху або здзіўлення’, леле́кати ’галасіць, стагнаць’, лелі́ти ’плакаць’, балг. ле́ле ’выклічнік для выражэння жалю, здзіўлення’, серб. ле̏ле ’тс’, харв. lelkati ’скардзіцца, стагнаць’, якія тлумачацца як утварэнні ад клічнай формы назоўніка ле́ля ’старэйшая жанчына, цётка, маці’. (ЭССЯ, 4, 103–105; ЕСУМ, 3, 216–217).

Размаглява́ць (размаглева́ць) ’нарумяніць’, ’намасліць’ (Нас.), ’размаляваць, упрыгожыць’ (Шпіл.), размагліва́ць ’размаляваць, нафарбаваць’ (Бяльк.), размаглева́цца ’прыгожа апранацца, румяніцца’ (Нас.), размаглёванный ’нарумянены’ (Нас.), укр. маґлюва́ти ’дрэнна маляваць’, ст.-польск. maglować ’разгладжваць валасы, скуру’ (XVI–XVII ст.). Лучыц-Федарэц збліжае з ма́гель ’прылада, якой качаюць бялізну’, маглява́ць ’качаць бялізну’, гл. ЭСБМ, 6, 150, 152. Няпэўна. Па іншай версіі, якая падаецца больш верагоднай, лексема ўзнікла ў выніку збліжэння малява́ць (гл.) з фанетычна блізкім маглява́ць ’качаць бялізну’ (ЕСУМ, 3, 354).

Размажджэ́рыць (размождже́риць) ’разбіць, растаўчы’ (Нас.), размазджа́рыць, размазджыры́ць ’разбіць’ (Сцяшк. Сл.), што да мождже́риць ’таўчы, разбіваць на дробныя часткі’ (Нас.), мажджэ́рыць ’драбіць, таўчы, раздрабляць’ (ТСБМ), мождже́рь ’медная або чыгунная ступка’, ’невялікая мартыра’ (Нас.), рус. смал. можже́р, можжи́р ’ступа’, ’вялікая гармата’, укр. модже́ра ’мартыра’, ’тс’, чэш. moždíř ’ступка, мартыра’. Лічыцца запазычаннем з польск. moździerz ’ступа’, ’мартыра’, у якую яно трапіла з лац. mortarium, магчыма, праз пасрэдніцтва с.-в.-ням. morsære, ст.-в.-ням. morsâri (Фасмер, 2, 637; Брукнер, 346). Гл. мажджара.

Размазката́ный ’разбіты ўшчэнт’ (Юрч. СНЛ), мазгата́ць ’біць, разбіваць’, ’стукаць’ (Нас.). Узыходзіць да прасл. *moskotati, *mozgotati (ЭССЯ, 20, 18–19, 92), параўн. маскатаць (гл.).

Размаі́ты, розмаі́ты ’розны, разнастайны’ (астрав., лід., шальч., трак., вільн., ігн., гарад., Сл. ПЗБ; Нар. Гом.), размаі́це ’па-рознаму’ (астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. rozmaity ’розны, разнастайны’, rozmaicie ’па-рознаму, разнастайна’. Сюды ж форма з устаўным ‑в‑ размаві́та ’разнастайна’ (гродз., Сцяшк. Сл.).

Разма́й ’размарын’ (Мал., Булг., Гарэц., Тур., Кольб.). Ад размары́н (гл.) пад уплывам слова май, паколькі расліна цвіце ў маі.

Разманды́кваць ’пляткарыць’ (навагр., Сл. ПЗБ), размунды́кываць ’балбатаць, спрачацца’ (Юрч.), размунды́кывацца ’балбатаць’ (Юрч. СНЛ). Няясна, параўн. мандзякаць, гл.

Размані́ць ’раздражніць’ (люб., Сл. ПЗБ). Ад раз- і мані́ць (гл.), параўн. мана́ ’азарт’, ’ахвота, жаданне’.