Разка́ч ’зношаны венік’ (Янк. 1). Ад розга, роска ’дубец’ па мадэлі дзярка́ч, паколькі такі венік мае вострыя тоўстыя галінкі, параўн. разгачы (гл.).
Разко́м ’разам, сумесна’, ’за адзін раз’ (Нас.), ’разам’ (ТС), рус. дыял. разко́м ’разам, за адзін раз’, ’без прамаруджвання’, укр. разко́м ’разам’, ’за адзін прыём’. Ад раз (гл.).
*Разкярэ́ша (розкере́ша) ’нерастаропны, маруда’ (іван., Непакупны, Связи, 194), ’брудны, мурза’ (пруж., там жа), укр. палес. розкере́ша ’крываногі, клышаногі’, ’развілка ў сасне’. Кантамінацыя балт. keréža і разкарака (разкоря́ка) ’разгалінаванае дрэва’ (Непакупны, Связи, 195). Гл. раскярэша.
Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг. разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус. дыял. разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр. лататий ’шырокі’, рус. лата́тый горошек ’рагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус. разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв. razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата 3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав. разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.
Разлёпа, разлёпушка ’нязграбны чалавек’ (астрав., Сл. ПЗБ), укр. леп ’ліпкі бруд’, ле́павча ’бруднае дзіця’, славен. lép ’клей’, серб.-харв. ле̑п ’клей, усё, што клеіць’, ц.-слав. лепъ ’клей, пластыр’. Да прасл. *lepъ, *lьpъ ’клей, усё, што ліпне’ (ЕСУМ, 3, 222–223). Падрабязней гл. ЭССЯ, 14, 224–225. Параўн. ляпня́к ’недапечаны хлеб, які ліпне да зубоў’ (гл.).
Разлётны ’імклівы, моцны’ (Сцяшк.), разлёт ’рух з паступова нарастаючай хуткасцю’, разлётацца ’палётаць’ (ТСБМ), рус. дыял. разлётный ’які можа, умее лётаць’. Ад раз- і лётаць (гл.).
Разлі́вы ’ашаламляльны’ (Нас.). Ад разі́ць (гл.).
Разлі́ў ’разводдзе’ (Сл. ПЗБ), разлі́ва ’разводдзе, паводка’ (Янк. 1). Ад разліва́ць, разліва́цца, да ліць (гл.).
Разло́жысты ’развесісты, раскідзісты (пра дрэва, крону, галіны)’, ’шырокі, адкрыты’, ’які далёка чуецца’ (ТСБМ), ’разгалісты’ (Сл. ПЗБ), ’галінасты’ (Сцяшк. Сл.), ’развесісты’ (Гарэц., Др.-Падб.), рус. дыял. разло́жистый ’які разыходзіцца ў бакі’. Ад раз- і лажыць. Сюды ж разло́г ’абшар, адкрытая прастора’ (ТСБМ), ’прастор, пагоркі, нізіны’ (Сцяшк., Др.-Падб.), разло́г ’рыхлая глеба’ (Касп.).
Разлу́ка ’страва з вады і пшанічнай мукі’ (Касп.). Няясна. Магчыма, семантычная інавацыя (іранічнае ўтварэнне?) на базе разлучы́ць (гл.).