Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Раздне́ць ’развіднець’ (Сцяшк.). Ад раз- і днець (гл.), як распаго́дзіцца, раздажджы́цца.

Раздо́р ’драўляныя вілы’ (барыс., Сл. ПЗБ), рус. дыял. раздо́р ’расшчэпленае дрэва’, ’заезд пры аранні’, ’стан, калі дзве ліны (у бурлакоў) шырока разыходзяцца ў розныя бакі’. Ад раз- і драіць, дзерці (гл.).

Раздо́ргнуць ’разарваць’ (Нас.), раздо́рганы ’разарваны на часткі’ (Нас.). Да до́ргнуць ’рэзка таргануць’ (Юрч.), параўн. рус. смал. дарга́ць ’рваць, раздзіраць’, калуж. до́ргать ’тузаць’, чэш. дыял. drhat ’скубаць пёры’, серб. дрга́стити ’моцна часаць, раздзіраць’, што ўзводзяць да прасл. *dьrgati (ЭССЯ, 5, 221), роднаснага *dьrati (гл. драць).

Раздражджане́ць ’набрыняць вадою, размокнуць (пра зямлю)’ (Сцяц.), раздажджане́ць ’набухнуць вадою’ (слонім., Жыв. НС). Магчыма, ад дро́жджы або дождж (гл.).

Раздра́й ’разгубленасць, неўсталяванасць, нестабільнасць’ (ЛіМ, 1994, 25 крас.). Ад раз- і драць (гл.).

Раздрахце́ць ’растаўсцець’ (Сцяшк.), раздрахце́цца ’распаўнець, растлусцець’ (Юрч. СНЛ). Ад незафіксаванага *драхцець, якое да прасл. *drъgъtěti (гл. ЭССЯ, 5, 138), параўн. укр. дригти́ти ’ператварацца ў жэлепадобнае рэчыва, дрыжаць як студзень’. Гл. дрыгацець.

Раздра́чыць ’раздражніць’ (гродз., Сл. ПЗБ). Ад драчы́ць ’дражніць, цвяліць’ (< прасл. *dročiti, ЭССЯ, 5, 122–123), гл. драчона.

Раздруе́ць ’растаць, раскіснуць’ (у адлігу), ’распаўнець’ (Юрч. СНЛ), раздруі́ць ’выклікаць дрыганне’ (Юрч. СНЛ), раздруі́цца ’размокнуць, раскіснуць ад вады’ (Юрч. СНЛ), друя ’распаўнелая асоба’ (Юрч. СНЛ). Паходжанне зыходнай формы (*друі́ць, *друя́ць?) няяснае, магчыма, да прасл. *drulʼati (ЭССЯ, 5, 132), параўн. серб.-харв. друљати ’хістаць; камячыць, мяць’.

Раздубальтава́ць ’растлумачыць’, дубальтава́ць ’паўтараць адно і тое ж’ (Сцяшк. Сл.). Вобразнае ўтварэнне ад польск. dubelt ’падвойна, два разы’, dubeltowy ’падвойны’.

Раздудо́рыць ’раздуць; апушыць’ (Шымк. Собр.). Да дуць (гл.) з рэдуплікацыяй каранёвай часткі.