Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́ней (ТСБМ, Яруш., Шат., Сцяшк. МГ, Інстр. I), і́ня, ві́ня (Сцяшк. МГ), инь (Яруш.), е́ный (брэсц., Нар. лексіка, 75). Рус. иней, дыял. и́ня, и́нея́, укр. і́ній, польск. дыял. inej, чэш. jíní, славац. inovať, славен. ȋnje, серб.-харв. ӣње, балг. и́ней, макед. дыял. ина. Ст.-слав. инии, иниѥ, ст.-рус. иней, иний, ст.-бел. инеи. Адзіная пэўная адпаведнасць — літ. ýnis, хаця не выключана магчымасць запазычання са славянскага (як Бернекер, 1, 432; Трубачоў, Эт. сл., 8, 236). Надзейнай этымалогіі няма. Прасл. *jьnьjь звязвалі з ням. Eis, ст.-сканд. íss ’лёд’ (Педарсан, MPKI, I, 2, 171), ст.-інд. ēnǐ ’бліскучы’ (Младэнаў, 223). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 132–133; Слаўскі, 1, 458–459; Махэк₂, 227; Скок, I, 727. Трубачоў (Славянское языкознание, 1968, 378) паспрабаваў супаставіць *jьnьjь з *jьnъ ’адзін’. Рэканструяваная пры гэтым семантыка — ’адзін мароз, першы мароз’. Зрэшты Трубачоў (Эт. сл., 8, 236) зазначае слабыя бакі гэтага этымалагічнага рашэння і прапаноўвае іншае тлумачэнне: прасл. *jьvьnь (гл. івянь) звязвае з *jьva ’край, паласа’ < і.-е. *ei̯‑u̯‑ā ад *ei̯‑ ’ісці’ (250). Безлай (1, 211) мяркуе аб запазычанні з субстрату.

Інжыне́р. Запазычанне з польск. inżynier, націск пад рускім уплывам. У польск. з франц. ingénieur (SWO, 315), якое ўзыходзіць да лац. ingenium ’вынаходлівасць, трапная выдумка’. Ст.-бел. инъенеръ (1601 г.) са ст.-польск. ingenier (Булыка, Лекс. запазыч., 91). У рускай мове инженер (XVII ст.) таксама запазычана праз польскае пасрэдніцтва; гл. Шанскі, 2, I, 76–77; Біржакова, Очерки, 363; супраць Фасмер (2, 133) называе нямецкую крыніцу. Недакладна Гіст. лекс., (245) адносіць да неалагізмаў XIX ст.; Крукоўскі (Уплыў, 77) лічыць запазычаным з рускай.

Інжы́р, рус. инжи́р, укр. інжи́р. Запазычанне з цюркскіх моў. Фасмер, 2, 133; Шанскі, 2, I, 77; Крукоўскі, Уплыў, 73 (праз рускую мову).

Ініцыя́лы. Запазычана праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рускай з канца XIX ст. з франц. initial ’пачатковы’ < лац. initialis ’тс’ (Шанскі, 2, I, 77).

Іно́гды ’іншы раз, часам’ (Байк. і Некр., Нас., Бяльк.), і́нагды (Шат.), іно́ды (Касп.), і́нады ’калі-н’. (палес., З нар. сл., 264). Рус. иногда́, дыял. и́ногды́, иноды, иноди́, укр. дыял. и́ногді, и́ноді, ст.-польск. inegdy, inedy, н.-луж. hynga, чэш. jindy ’ў другі раз’, славац. уст. inogda ’часам’, indy ’ў другі раз’, славен. ȋnda ’тс’, серб.-харв. уст. indą, inagda, inogda ’тс’. Ст.-слав. иногда, инъгда ’калісьці, некалі’, ’у другі раз’, ст.-рус. иногда ’калісьці, некалі’, ’аднойчы’, ’у другі раз’, ’часам’, иногды ’часам’, ’перш’. Ст.-бел. иногды ’раней, перш’ (Скарына); форма инекгды (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. inegdy (Булыка, Лекс. запазыч., 200). Прасл. *jьnogъda ўтворана ад *jьnъ (гл. іншы) з фармантам ‑gъda. Адносна апошняй часткі складання няма адзінага тлумачэння. Верагодней за ўсё, з энклітык ‑gъ > і ‑da (Трубачоў, Эт. сл., 8, 231–232; Слаўскі, 1, 458). Фасмер (2, 134) бачыць тут абагульненае *kъda. Інакш разглядае Мейе (MSL, 13, 29): рэдукцыя формы р. скл. прасл. *godъ.

Іно́ся ’не так, іначай’ (Касп.), ’няхай’ (Нас., Грыг.), ’іншая справа’ (Нас., Яруш., Др.-Падб.), ’калі ласка’ (Нас.). Рус. смал., арл., калуж. и́но́сь ’добра, калі ласка’, смал. ина́себе ’няхай’, укр. дыял. іно́се, іно́сь ’няхай так; згодзен’. Складанне з іно і зваротнай часціцы -ся; параўн. рус. дыял. и́но́ ’часам’, ’толькі’, ’добра’, ’пасля’, ’некалі’, злучн. ’ці’, ’але’, ’так што’, ’калі’, укр. іно́ ’толькі’, польск. дыял. ino ’толькі, так’, злучн. ’толькі што, ледзь толькі’, ст.-рус. ино злучн. ’а, і’, ’але’, ’таму што’. Ino тлумачыцца неадназначна. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з *jьnъ (гл. іншы), Бернекер, 1, 431; Праабражэнскі, 1, 271; Слаўскі, 1, 462. Фасмер (2, 133) вылучае два кампаненты: i + no. Недакладна Гіст. мовы (II, 248) разглядае інося як уласную словатворчасць Ул. Дубоўкі.

Інспе́ктар. Крыніца: лац. inspector ад inspectare ’наглядаць’. Ст.-бел. инспекторъ ’настаўнік, выхавальнік’ (1638 г.) < ст.-польск. inspektor (Булыка, Лекс. запазыч., 159; Гіст. лекс., 107). Для рускай (XVII ст.) мяркуюць аб польскім ці нямецкім пасрэдніцтве (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 85–86).

Інстру́кцыя. Запазычанне з лац. instructio ’настаўленне’ праз польскае пасрэдніцтва. Ст.-бел. инструкция, инструкцыя ’інструкцыя, настаўленне’ (1522 г.), як і рус. инструкция (XVII ст.), са ст.-польск. instrukcyja (Булыка, Лекс. запазыч., 30; Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 89). Меркаванне аб перапынку ва ўжыванні слова і паўторным запазычанні з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 233) неабгрунтаванае.

Інструме́нт. Ст.-бел. инструментъ (1565 г.) ’інструмент, прылада’, ’музычны інструмент’, ’спосаб, сродак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 187). Ужо ў старабеларускай сфарміравалася семантычная структура, вядомая сучаснай беларускай мове. Насовіч прыводзіць два значэнні: ’музычная прылада’, ’усякая прылада’. Запазычана з польск., дзе instrument з лац. instrumentum ’інструмент, прылада’. Націск на апошнім складзе пад уплывам рускай мовы; параўн. інстру́мант (Касп.). Рус. инструмент (XVII ст.) таксама з польск.; націск на апошнім складзе ў выніку ўздзеяння нямецкай мовы (Шанскі, 2, I, 89). Няма падстаў для сцвярджэння аб паўторным запазычанні з рускай у XX ст. (як Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. лекс., 233, для інструментальны).

Інсты́нкт ’неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго-н.’, ’чуццё, прадчуванне чаго-н.’ (ТСБМ), инсты́кт ’унушэнне’, ’цяга, унутранае пабуджэнне’ (Нас.). Ст.-бел. инстинктъ, инстиктъ, инстынктъ ’пабуджэнне, чуццё’ (1620 г.) (Булыка, Лекс. запазыч., 136; Гіст. лекс., 108). Запазычанне з лац. instinctus ’пабуджэнне’ праз польск. instynkt (XVII ст.). Рус. инсти́нкт у XVIII ст. праз нямецкую (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 87). Памылковае дапушчэнне аб запазычанні з рус. у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252, 272; Крукоўскі, Уплыў, 77), паколькі слова зафіксавана ў ст.-бел. мове і лексікаграфічных крыніцах XIX ст., аднак замацаванне слова ў навуковай тэрміналогіі адбылося, безумоўна, пад рускім уплывам; параўн. таксама націск.