Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Інвалі́д. Першакрыніца: лац. invalidus ’бяссільны, нядужы’. Для беларускай пасрэднікам магла быць руская (Крукоўскі, Уплыў, 72) ці польская мова. У рускай инвалид у першай палавіне XVIII ст. з франц. invalide (Шанскі, 2, I, 66; Фасмер, 2, 130; Біржакова, Очерки, 363). На карысць польскай крыніцы ст.-бел. инвалидовати ’адмяняць’ (1637 г.) < ст.-польск. inwalidować < с.-лац. invalidare (Булыка, Лекс. запазыч., 30). У польскай была вядома форма inwalid без ‑a на канцы слова.

*Інвэ́нцыя, інвэ́ньція ’імкненне што-н. зрабіць, звычайна дрэннае’ (Бяльк.). Ст.-бел. инвенция ’знаходлівасць, вынаходлівасць’ (сярэдзіна XVII ст.) запазычана са ст.-польск. inwenсуja, якое з лац. inventio (Булыка, Лекс. запазыч., 131). У рускай инвенция з 1705 г. таксама праз польскае пасрэдніцтва (Біржакова, Очерки, 363; Фасмер, 2, 130). Семантычныя змены на беларускай глебе.