Інспе́ктар. Крыніца: лац. inspector ад inspectare ’наглядаць’. Ст.-бел. инспекторъ ’настаўнік, выхавальнік’ (1638 г.) < ст.-польск. inspektor (Булыка, Лекс. запазыч., 159; Гіст. лекс., 107). Для рускай (XVII ст.) мяркуюць аб польскім ці нямецкім пасрэдніцтве (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 85–86).
Інстру́кцыя. Запазычанне з лац. instructio ’настаўленне’ праз польскае пасрэдніцтва. Ст.-бел. инструкция, инструкцыя ’інструкцыя, настаўленне’ (1522 г.), як і рус. инструкция (XVII ст.), са ст.-польск. instrukcyja (Булыка, Лекс. запазыч., 30; Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 89). Меркаванне аб перапынку ва ўжыванні слова і паўторным запазычанні з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 233) неабгрунтаванае.
Інструме́нт. Ст.-бел. инструментъ (1565 г.) ’інструмент, прылада’, ’музычны інструмент’, ’спосаб, сродак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 187). Ужо ў старабеларускай сфарміравалася семантычная структура, вядомая сучаснай беларускай мове. Насовіч прыводзіць два значэнні: ’музычная прылада’, ’усякая прылада’. Запазычана з польск., дзе instrument з лац. instrumentum ’інструмент, прылада’. Націск на апошнім складзе пад уплывам рускай мовы; параўн. інстру́мант (Касп.). Рус. инструмент (XVII ст.) таксама з польск.; націск на апошнім складзе ў выніку ўздзеяння нямецкай мовы (Шанскі, 2, I, 89). Няма падстаў для сцвярджэння аб паўторным запазычанні з рускай у XX ст. (як Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. лекс., 233, для інструментальны).
Інсты́нкт ’неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго-н.’, ’чуццё, прадчуванне чаго-н.’ (ТСБМ), инсты́кт ’унушэнне’, ’цяга, унутранае пабуджэнне’ (Нас.). Ст.-бел. инстинктъ, инстиктъ, инстынктъ ’пабуджэнне, чуццё’ (1620 г.) (Булыка, Лекс. запазыч., 136; Гіст. лекс., 108). Запазычанне з лац. instinctus ’пабуджэнне’ праз польск. instynkt (XVII ст.). Рус. инсти́нкт у XVIII ст. праз нямецкую (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 87). Памылковае дапушчэнне аб запазычанні з рус. у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252, 272; Крукоўскі, Уплыў, 77), паколькі слова зафіксавана ў ст.-бел. мове і лексікаграфічных крыніцах XIX ст., аднак замацаванне слова ў навуковай тэрміналогіі адбылося, безумоўна, пад рускім уплывам; параўн. таксама націск.
Інстыту́т (ТСБМ), інсціту́т (Сцяшк. МГ). У пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 241) з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 77), дзе ўпершыню ў помніках 1771–1773 гг. (Біржакова, Очерки, 363). У рускай з франц. institut, якое ўзыходзіць да лац. institutum ’устанаўленне, установа’ (Шанскі, 2, I, 87).