Іно́гды ’іншы раз, часам’ (Байк. і Некр., Нас., Бяльк.), і́нагды (Шат.), іно́ды (Касп.), і́нады ’калі-н’. (палес., З нар. сл., 264). Рус. иногда́, дыял. и́ногды́, иноды, иноди́, укр. дыял. и́ногді, и́ноді, ст.-польск. inegdy, inedy, н.-луж. hynga, чэш. jindy ’ў другі раз’, славац. уст. inogda ’часам’, indy ’ў другі раз’, славен. ȋnda ’тс’, серб.-харв. уст. indą, inagda, inogda ’тс’. Ст.-слав. иногда, инъгда ’калісьці, некалі’, ’у другі раз’, ст.-рус. иногда ’калісьці, некалі’, ’аднойчы’, ’у другі раз’, ’часам’, иногды ’часам’, ’перш’. Ст.-бел. иногды ’раней, перш’ (Скарына); форма инекгды (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. inegdy (Булыка, Лекс. запазыч., 200). Прасл. *jьnogъda ўтворана ад *jьnъ (гл. іншы) з фармантам ‑gъda. Адносна апошняй часткі складання няма адзінага тлумачэння. Верагодней за ўсё, з энклітык ‑gъ > і ‑da (Трубачоў, Эт. сл., 8, 231–232; Слаўскі, 1, 458). Фасмер (2, 134) бачыць тут абагульненае *kъda. Інакш разглядае Мейе (MSL, 13, 29): рэдукцыя формы р. скл. прасл. *godъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)