Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́мза ’плакса’ (ТС), рэ́мзаць ’капрызіць, плакаць, румзаць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., ТС), рэ́мза́ці ’надакучваць размовай’ (івац., Жыв. сл.). Суадносіцца з рэмжыць (гл.).

Рэмі́за ’памяшканне, у якім захоўваўся проціпажарны інструмент’ (Скарбы). З польск. remiza ’дэпо’, параўн. таксама чэш., славац. remiza ’вазоўня. Крыніца — ням. Remíse ’тс’ < фр. remise ’тс’ (Махэк₂, 512).

Рэмі́сія ’часовае паслабленне або знікненне праяваў хваробы’ (ТСБМ). Ст.-бел. ремисия (ремисыя) ’адтэрміноўка рашэння справы на судзе’ < ст.-польск. remisyja ’тс’ < лац. rĕmissio ’перапынак; адмена’ (Булыка, Лекс. запазыч., 51).

Рэ́мствоваць ’злоснічаць, абгаворваць, ганіць’ (ТС), рымстава́ць ’злавацца’ (жлоб., Жыв. сл.), рымсава́ць ’плакаць, упарціцца’ (чач., Жыв. НС). Рус. ре́мство ’нянавісць; злосць’, ремствовать ’ненавідзець’, укр. ре́мство, ремст ’абурэнне’, ремствувати ’наракаць’. Мацэнаўэр (LF 16, 181) параўноўвае з літ. susiremti ’уперціся супраць каго-небудзь’.

Рэ́мус1 літаральна ’прасіць літасці’, перан. ’допыт з катаваннем’ (Нас.). Скажонае ад лац. oremus ’молім’ (Нас., 562).

Рэ́мус2 у спалуч. узяць каго за рэмус ’узяць за жабры’ (смал., КЭС). Далейшае развіццё значэння ад рэмус1 (гл.).

Рэ́мус3 ’выгляд’ (Юрч. СНЛ). Відаць, звязана з рэмус1, але матывацыя няясная.

Рэ́мчыць ’бегчы хутка’ (Ян.). Магчыма, кантамінацыя польск. rączy ’хуткі’, якое Брукнер выводзіць ад ruczaj ’ручай’ (Брукнер, 467) і імчаць. Але параўн. рус. ремши́ть ’хутка ісці, спяшацца’.