Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́вала ’крыкуха’ (Ян.). Балг. ревла ’тс’. Ад раўці (гл.) + суфікс ‑ал‑а, які характарызуе асобу па інтэнсіўнай знешняй прыкмеце з экспрэсіяй зніжанасці (Сцяцко, Афікс. наз., 93–94).

Рэ́вень1 ’рэвень’ (ТСБМ). З рус. ревень, якое з тур. rävänd ’тс’ < пярс. rāvend ’тс’ (Фасмер, 3, 454). Паводле Праабражэнскага, запазычана з цюрк. раве́нд або, магчыма, з рум. revent (2, 191). Паводле Брукнера, польск. rzewień з рус. ревень < грэч. rheion, якое выводзяць ад старажытнай назвы Волгі Rha (Брукнер, 456).

*Рэ́вень2, рэвынь ’невялікая студня на балоце’ (Нар. сл.), ’прыродная яма на балоце, дзе звычайна ловяць рыбу’ (Яшк.), рэвэнь ’ямка з вадой, крыніца’ (малар., Нар. лекс.). Укр.-палес. мікратапонімы: Ревине болото, рака і балота Ревна; рус. дыял. ревень ’калодзеж’, раве́нь ’тс; лагчына, дзе ўвесну стаіць вада’, балг. ровѝна ’роў, яма’. Бадуэн дэ Куртэнэ звязвае з роў1, рыць (гл.), прыводзячы ў падтрымку гэтай версіі іншую назву калодзежа ко́панец < ка́паць (Даль₃, 3, 1461), але значэнне ’крыніца’ наводзіць на думку аб сувязі з рэяць ’цячы, струменіць’ (гл. рэяць1). Відаць, дзве розныя па паходжанні лексемы маглі з часам супасці па форме.

Рэвідава́ць ’анатаміраваць’ (смарг., Сл. ПЗБ). З польск. rewidować ’пераглядаць; абшукваць’ < лац. revidēre (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Рэві́зія ’праверка, перагляд’ (ТСБМ). Ст.-бел. ревизия (ревизия) ’тс’ < ст.-польск. rewizyja < лац. revīsio ’зноў аглядаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Рэвізо́р ’той, хто робіць рэвізію, кантралёр’ (ТСБМ). Ст.-бел. ревизоръ ’тс’ < ст.-польск. rewizor < лац. revīsor (Булыка, Лекс. запазыч., 24) < лац. rěvīso ’зноў гляджу (аглядаю)’.

*Рэві́ла, рэвіло ’усеагульны роў; плакса’ (ТС). Экспрэсіўная форма з адценнем узмацняльнасці ад раўці (гл. роў2), аналагічна мазіла ’мазь’ (З нар. сл.), равула ’румза’ (Нар. лекс.).

Рэ́вот ’страшны роў, рыканне, шум; крык, плач’ (ТС). Укр. ревіт, славацк. revot ’шум, роў’. Магчыма, бязафікснае ўтварэнне ад *рэвата́ць (параўн. рус. наўг. ревотать ’іржаць’), мадэль як рагатацьрогат.

Рэ́вох ’страшны роў, рыканне, шум; крык, плач’ (ТС). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад роў2 (гл.). На форму магла яшчэ паўплываць лексема рэйвах (гл.).

Рэ́воцень ’плакса’ (ТС). Экспрэсіўная форма з адценнем асуджэння ад раўці (гл.).

Рэ́га ’рыбалоўная прылада (аснова з дрэва з нацягнутай сеткай)’ (Мат. Гом.). Магчыма, звязана з літ. назвай палазоў rãgai. Параўн. семантыку назваў рыбалоўных прылад полаз (гл. полаз2), сані.