Рэ́вень 1 ’рэвень’ (ТСБМ). З рус. ревень, якое з тур. rävänd ’тс’ < пярс. rāvend ’тс’ (Фасмер, 3, 454). Паводле Праабражэнскага, запазычана з цюрк. раве́нд або, магчыма, з рум. revent (2, 191). Паводле Брукнера, польск. rzewień з рус. ревень < грэч. rheion, якое выводзяць ад старажытнай назвы Волгі Rha (Брукнер, 456).
*Рэ́вень 2, рэвынь ’невялікая студня на балоце’ (Нар. сл.), ’прыродная яма на балоце, дзе звычайна ловяць рыбу’ (Яшк.), рэвэнь ’ямка з вадой, крыніца’ (малар., Нар. лекс.). Укр.-палес. мікратапонімы: Ревине болото, рака і балота Ревна; рус. дыял. ревень ’калодзеж’, раве́нь ’тс; лагчына, дзе ўвесну стаіць вада’, балг. ровѝна ’роў, яма’. Бадуэн дэ Куртэнэ звязвае з роў 1, рыць (гл.), прыводзячы ў падтрымку гэтай версіі іншую назву калодзежа ко́панец < ка́паць (Даль₃, 3, 1461), але значэнне ’крыніца’ наводзіць на думку аб сувязі з рэяць ’цячы, струменіць’ (гл. рэяць 1). Відаць, дзве розныя па паходжанні лексемы маглі з часам супасці па форме.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)