Пятрэ́ць ’сохнуць, высыхаць (на сонцы, ветры і пад.)’ (ТСБМ), ’жыць надгаладзь, прычым працяглы час’ (Янк. 1), пя́траць ’сохнуць, знясільваць’ (Шат., Нас.). Дубоўка (Узвышша, 1929, 8, 105) выводзіў ад пя́тра ’вышкі ў асеці для сушкі снапоў’, ’паліцы ў ганчароў, на якіх сушаць вырабы з гліны’. Паводле Янкоўскага, “трэба думаць, ад назвы летняга посту — пятроўка” (Янк. 1, 158), што сумнеўна. Спецыяльна гл. Коген, Узвышша, 1929, 8, 102. Гл. пе́траць.
Пяту́н ’певень’ (Анім.; брасл., Жыв. НС). Відавочна, кантамінацыя пяту́х і пяву́н ’певень’ (гл.).
Пяту́х ’певень’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; віц., Жыв. НС; віл., дзятл., брасл., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Сцяц., Сцяшк., Сержп., Ян.), ст.-бел. петухъ ’тс’; у ВКЛ Бярында лічыў слова характэрным для гістарычнай Літвы, г. зн. паўночна-заходняй Беларусі: волынски — певень, литовски — петухъ (Лексиконъ, 11). Больш поўны малюнак распаўсюджання назвы на беларускай моўнай тэрыторыі гл. Жыв. св., 52; на тэрыторыі Украіны, Расіі і Польшы гл. Фалінска, Leksyka hodowli, 1, 62–63. Сюды ж таксама памянш.-ласк. формы пе́ця, пе́цька (гл.). Параўн. адзначанае яшчэ Ягічам харв. чак. petèh ’тс’; а таксама petȅh (Црэс), славен. pẹ́teh ’тс’ (Слаўскі, Slavica, 99); харвацкія формы Борысь (Czak. stud., 152) разглядае як праславянскія дыялектызмы ці вытворныя ад праславянскіх слоў. Адносна славенскага слова гл. Бязлай, 3, 30. Вытворнае ад *pěti ’спяваць’ (гл. пець) з рэдкім суфіксам ‑uxъ, параўн. пасту́х ад пасці ’пасвіць’ (параўн., Фасмер, 3, 253).