Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Модры, ст.-бел. модрый ’блакітны’ (XVI ст.) (Булахаў, Гіст., 136). Да прасл. modrъ, якое мае і.-е. адпаведнікі: літ. mãdaras ’бруд’ (Мартынаў, Язык, 51) і хец. andra‑ (Махэк₂, 372).

Модус ’спосаб чаго-небудзь’, ’разнавіднасць сілагізму’ (ТСБМ). З рус. модус ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 81).

Модэль ’мадэль’ (Яруш.). З польск. model, якое з франц. modéle < іт. modello — памяншальнае да modo < лац. modus ’спосаб’. Гл. таксама мадэль і модус.

Мож, можа, можэ ’быць можа, напэўна, магчыма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Мат. Маг., ТС; КЭС, лаг.; гор., паўд.-усх., КЭС). Да магчы́ (гл.). У мадальным значэнні выступае ў форме 3‑й ас. адз. л.

Можна, можне, мажню́сенька, мо́жно, можны ’ёсць магчымасць, дазваляецца’, ’вельмі магчыма’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Яруш., Янк. 1, Сл. ПЗБ, ТС; глус., Мат. Маг.). Прыслоўе, утворанае ад прыметніка можны, параўн. ст.-бел. можный (XIV ст.) ’які можа адбыцца, ажыццявіцца, магчымы’ (Булахаў, Гіст., 139), прасл. mož‑ьnъ‑jь < прасл. mogti > магчы́ (гл.). Канчатак ‑не, магчыма, пад уплывам польск. мовы. Сюды ж можнасць ’магчымасць’ (Гарэц.).

Можны ’багаты, заможны’, можнасць ’заможнасць’. (Нас.), ст.-бел. можный ’тс’, ’які мае ўладу’ (XIV ст.), ’магутны, уплывовы’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. możny ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 37).

Мозг (мозык, мозак, мозаг, мо́зок, мосх), мазгі, мозгі, мозг̌і, мозкі ’мозг у чэрапе і канале пазваночніка’, ’розум’, ’тканка ў поласці касцей, шпік’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Мядзв., Янк., Шатал., Бяльк., Грыг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), мазгавіт́ы ’разумны, кемлівы, разважлівы’ (ТСБМ, Бяльк.), мозкова́ть ’думаць, працаваць галавой’ (ТС). Укр. мо́зок, мі́зок, рус. мозг, ст.-рус. мозгъ, польск., н.-луж. mózg, в.-луж. mozh, mozy (мн. л.), чэш. mozek, славац. mozok, славен. mȏzg, mȏzeg, серб.-харв. мо̏зак, макед. мозок, балг. мозък, ст.-слав. можданъ (< mozgěnъ). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muzgeno ’касцявы мозг’, літ. smãgenys ’мазгі’, smãgenės, лат. smadzenes, у якіх s‑ паходзіць з s‑ у smãkrės ’мозг’, ст.-інд. smajján‑, smajjā ’касцявы мозг’, авест. mazga‑, ст.-в.-ням. marag, marg, тах. maśśuni ’тс’ < і.-е. *mozg(h)os (Махэк₂, 377; Міклашыч, 203; Траўтман, 172; Фасмер, 2, 638; Бязлай, 2, 118).

Мозіш ’ступка’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). З польск. moździerz ’тс’.

Мозказлія́не ’інсульт’ (калінк., Мат. Гом.). У выніку намінацыі словазлучэння рус. кровоизлияние в мозг.

Мой (мая, маё), мойны, мойскі ’які належыць мне, уласцівы мне, любімы мною’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; лід., Сцяшк. Сл.). Укр. мій, рус. мой, польск., н.-, в.-луж. mój, чэш. můj, славац. môj, славен. mój, серб.-харв. mȏj, мак., балг. мой, ст.-слав. мой, моꙗ. Прасл. mojь, да якога і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца ст.-прус. mais (< *majas), гоц. meins, лац. mens < і.-е. *moi̯os < *moi/*mei — у М. скл. (Бернекер, 2, 69; Траўтман, 166; Бругман, Grundriss, 2 (2), 404; Фасмер, 2, 639; Бязлай, 2, 191).