Жвяле́ць ’жвавець’ (мсцісл., Юрч.) і вытворныя жвяла, жвялей, жвяласць Лаўчутэ лічыць утворанымі на аснове літ. запаз. žvaléti ’бадрыцца’, žvalùs ’жвавы’ (Baltistica, VI, 2, 199). Літ. уздзеянне на бел. формы з ‑л‑ не выключана (гл. жвавы, дзе і форма жвалы), хаця форма жвалы (і ўкр. жвалий) ’жвавы’ можа тлумачыцца і як вынік варыянтнасці суфікса ‑ав‑/‑ал‑. Пры тлумачэнні мяккасці ‑в‑ трэба ўлічыць аналагічныя адносіны ў жвакаць — жвякаць, а таксама магчымасць уздзеяння антанімічнага вялы (жвавы — вялы — жвялы). Магчыма і зваротнае ўздзеянне бел. семантыкі на літ.
Жвялёк ’скрутак’ (мсцісл., Юрч. Фраз. 2). З суфіксам ‑ок ад жвяліць ’есці бяззуба, комкаючы’.
Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).
Жвя́нькала, жвенькала (націск — ?) ’пляткар’ (маг., Бяльк., Юрч., Яўс.). Ад. жвя́нькаць (гл.) з дапамогай суфікса ‑ла.
Жвя́нькаць ’надакучаць размовамі, ляніва гаварыць’, жве́нькаць ’пляткарыць, балбатаць’ (маг., Бяльк., Юрч., Яўс.), жвянь, жвяньк ’выклічнік пра надакучлівыя размовы’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). Чэш. žvaniti ’многа і неразумна гаварыць’, в.-луж. žwamlić ’гаварыць дурасці’, žwjeńkać ’жаваць з цяжкасцю’, н.-луж. žwankliś ’перажоўваць, балбатаць’, славен. žvenkati ’звінець’. Відаць, вынік узаемадзеяння шэрагу асноў, прадстаўленне ў словах жаваць (гл.), звінець (гл.), а магчыма, і гаварыць (гл.) з чаргаваннем галоснага. Магчыма трактаваць першасным *žьv‑e/a‑ ’жаваць’ з эмацыянальным інфіксам ‑н‑ (калі не пад уплывам звенькаць і да т. п.) і суфіксам ‑ka‑.