Жаўтапёс, жаўтёпасак ’пясчаная глеба’ (Шат.), жаўтопёсок (Мат. Гом.), жаўтапесак (глус., Янк. II) ’тс’. Параўн. жаўтазём ’глеба з жоўтага пяску’ (Сцяц.). Складанае слова з прыметнікавай асновы жоўты (гл.) і назоўніка пясок (гл.). Цікава, што апошні прадстаўлены ў форме без суфікса ‑ъкъ; яе можна лічыць або адлюстраваннем старажытнага стану, або пазнейшым усячэннем па мадэлі жаўтазём. Трэба пры гэтым мець на ўвазе нерэгулярнае адлюстраванне ě ў выглядзе ё, якое ўказвае, як і форма жаўтёпасак, на пазнейшыя дэфармацыі слова.
Жаўтапу́зік ’від бязногай яшчаркі’. Рус. дыял. желтопу́з ’від вужа’, укр. жовтопу́з ’від бязногай яшчаркі’; параўн. чэш. želtopusik ’від паўзуноў Ophisaurus apus’. Складанае ўсх.-слав. слова ўтворана з желт‑о‑пуз (гл. жо́ўты і пу́за). Бел. форма — памянш. з суфіксам ‑ік. Чэш. слова мае ў другой частцы, відаць, кампанент pus ‑a ’рот’, г. зн. азначае ’жаўтароцік’.
Жаўта́чка ’жаўтуха (хвароба)’ (гом., глус., Янк. III; мядз., Жыв. сл., 41). Укр. дыял. жовта́чка ’тс’. З польск. żółtaczka ’тс’ з падвядзеннем пад бел. форму кораня. Адпаведная суфіксацыя ў назвах хвароб для бел. нетыповая. Параўн. жаўту́ха 1.
Жаўткі́ ’ўнутраныя органы (ныркі, печань, кішэчнік, страўнік)’ (клец., Нар. лекс., 207). Відаць, перанос ад жаўток ’унутраная часціна яйка’.
Жаўту́ха 1 ’жоўтая афарбоўка скуры, вочных склераў і г. д.; хвароба, што яе выклікае’. З рус. желтуха ’тс’ або паралельна з ім. Параўн. укр. жовтяниця. Сцяцко (Афікс. наз., 124) адзначае непрадуктыўнасць тыпу назваў хвароб, прычым краснуха, відаць, утворана там, дзе красн.‑ азначала ’чырвоны’, таму трэба лічыцца з рус. уздзеяннем. Параўн. іншую назву гэтай хваробы жаўтачка (< польск.). Шанскі (1, Ж, 282) лічыць желту́ха ўласна рус. утварэннем, а бел. < рус.
Жаўту́ха 2 ’грыб зялёнка, Tricholoma flavovirens’ (Мат. Гом.), жовтушка ’нейкі ядомы грыб’ (камян., Жыв. сл., 188). Ад прыметніка жоўты (гл.) з суфіксамі ‑уха ці ‑ушка паводле пашыранай мадэлі назваў раслін, у тым ліку грыбоў (Сцяц., Афікс. наз., 124, 125).
Жаўты́р, жаўту́шка ’амялушка, Bombycilla garrulus’ (Мат. Гом.). Паводле малапрадуктыўнай мадэлі назваў носьбітаў адзнак, з суфіксам ‑ыр (Сцяцко., Афікс. наз., 127) ці па прадуктыўнай мадэлі назваў носьбітаў адзнак, у тым ліку птушак на ‑ушк‑а (Сцяц., Афікс. наз., 125).
Жаўце́нь ’кветка жоўтага колеру, жаўтушнік, Erysimum L.’ (Бяльк.). Ад асновы прыметніка жоўты (гл.) з суфіксам ‑ень (Сцяц., Афікс. наз., 100). Літаратурнае жаўтушнік суадносіцца з той самай асновай, але суфіксацыя ўказвае на магчымасць рус. уздзеяння. Бел. дае хутчэй, жаўтушка ’Erysimum cheiranthoides L.’ як шэраг назваў грыбоў, птушак, ад жаўтуха (> жаўтушка) утвараецца прыметнік жаўтушны і назоўнік з суфіксам ‑ік (рус. желту́шник). Польск. żółcień назва іншай кветкі (Carthamus)’.
Жаўця́к 1 ’жоўты пясок’ (ТСБМ). Ад прыметніка жоўты (гл.) быў утвораны адцягнены назоўнік на ‑ь (žьltь > жоўць), адкуль з суфіксам ‑ак назва носьбіта адзнакі (параўн. жвірак ’від глебы’).
*Жаўця́к 2, жовтя́к, жовте́к ’грыб махавік, Xerocomus’ (камян., драг., Жыв. сл., 189, 190). Утварэнне, як і жаўцяк 1, магчыма, пад уздзеяннем мадэлі назваў грыбоў сіня́к, пазня́к, якія ўтвараліся непасрэдна ад прыметніка з мяккай асновай (гл. Сцяц., Афікс. наз., 131).