Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дыґа́ты, ды́ґусь ’цыбаты’ (Сцяц.). Гл. ды́ґусь.

Ды́ґаць ’моцна біцца (пра сэрца)’ (Сцяц.). Выбухное ґ сведчыць пра запазычанне. Параўн. польск. dygać ’трасціся’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 185; дзіўна, што Слаўскі, там жа, бел. ды́ґаць ставіць у адзін рад з польск. словам і не ставіць нават пытання аб магчымасці запазычання). Калі праўда, як мяркуе Слаўскі (там жа), што ў аснове дзеяслова ляжыць выклічнік тыпу dygu!, dyk!, можна думаць і пра самастойнасць бел. лексемы (ды́ґаць < *дыкаць з азванчэннем інтэрвакальнага ‑к‑ > ‑ґ‑). У Насовіча ды́гаць ’прысядаць, рабіць рэверанс; павольна, нібы прысядаючы, ісці’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 198) дапускае магчымасць запазычання з польск., але і роднаснасць з іншымі слав. формамі (прасл. *dygati). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 557.

Ды́ґусь ’цыбаты, з доўгімі нагамі’, таксама дыґа́ты (Сцяц., Сл. паўн.-зах.: ’высокі’). Запазычанне з польск. дыял. dyguś, dygaty ’тс’ (а гэта да польск. dygać, аб якім Слаўскі, 1, 185).

Ды́далем ’прахам’ («Хай яно дыдалем пойдзе!», Шат.), ды́далам ’у беспарадку’ (Сл. паўн.-зах.). Няясна.

Дызентэ́рыя ’дызентэрыя’ (БРС). Рус. дизентери́я, укр. дизентері́я. Запазычанне з ням. Dysenterie (а гэта з вучонай латыні < грэч.). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 118.

Ды́кта ’фанера’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. dykta ’тс’ (паходжанне польск. слова няяснае; няма ў Слаўскага і Брукнера). Слова сустракаецца таксама ў форме ды́хта (Шат., Сцяшк.), дыхт (Сцяшк.). Параўн. польск. dychtować, dyktować (< ням. dichten, dicht ’шчыльны’; гл. Брукнер, 106), ст.-бел. дыфтоване (XVII ст.) ’ушчыльненне’ (Булыка, Запазыч., 104: < польск. dychtowanie < ням. dichten).

Дыктава́ць ’дыктаваць’ (БРС). Рус. диктова́ть, укр. диктува́ти. Ужо ў ст.-бел. было дыктовати, диктовати (з XVII ст.), якое Булыка (Запазыч., 103) лічыць запазычаннем з польск. dyktować (< ням. diktieren). Рус. диктова́ть, паводле Фасмера (1, 514), з ням. diktieren або франц. dicter (< лац. dictāre). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 120) для рус. слова бачыць непасрэдную крыніцу ў польск. dyktować (< франц. або лац.).

Дыкта́тар ’дыктатар’ (БРС). Ст.-бел. диктаторъ ’тс’ (вядомае з XVII ст.) Булыка (Запазыч., 96) лічыць непасрэдным запазычаннем з лац. dictator. Невядома, ці сучаснае бел. слова працягвае ст.-бел. традыцыю. Рус. дикта́тор Шанскі (1, Д, Е, Ж, 119) лічыць запазычаннем са ст.-слав. диктаторъ (з XII ст.); няпэўна.

Дыктату́ра ’дыктатура’ (БРС). Рус. диктату́ра, укр. диктату́ра. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 119–120), з ням. або франц. моў (з сярэдзіны XIX ст.): ням. Diktatur (< франц.), франц. dictature ’тс’.

Дыл, дыло́к ’самая мяккая мука пры сеянні, парашок’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 200–201), як і рус. дыл ’пыл, якое-н. расцёртае ў парашок рэчыва’, дыль ’мучное, хлебнае, крухмальнае рэчыва ў збожжы’, роднаснае літ. dūlis ’туман, пара’, dùlkė ’пылінка’: да і.-е. *dhū̆‑l‑ (Трубачоў, там жа, не згаджаецца з тлумачэннем Абаева: параўнанне з асец. формамі).