Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бу́дні, бу́дзень, будзённы. Рус. бу́дни, бу́день, бу́ддень, бу́дний, укр. бу́ддень, буде́нний. З будьнъ дьнь (параўн. польск. budny dzień) да *budьnъ : *buditi. Гл. Фасмер, 1, 229 (там і агляд іншых версій); Шанскі, 1, Б, 212.

Будо́ва. Гл. будава́ць.

Будо́ўля ’будынкі; будаванне’ (БРС, Др.-Падб., Бяльк., Гарэц., Інстр. I, Нас.). Укр. буді́вля, польск. budowla. Няяснае слова. Сувязь з бу́да́, будава́ць, буды́нак бясспрэчная, але якая? Няясныя таксама адносіны паміж усх.-слав. і польскім словам. Брукнер, 46, лічыў, што польск. budowla (як і torgowla) з усх.-слав. моў. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 184), думае, што budowla (суф. ‑owla) з’яўляецца польскім, не запазычаным словам.

Будуле́ц ’страявы лес’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. budulec (а гэта з ням. Bauholz; Брукнер, 46).

Бу́дучыня. Крамко (Гіст. мовы, II, 140, 141) мяркуе, што гэта неалагізм яшчэ дакастрычніцкага перыяду, няпоўная калька з рус. мовы (рус. будущее). Няясна. Параўн. і ўкр. будучина́ ’тс’.

Буды́нак ’будоўля, будыніна, хата і да т. п.’ (БРС, Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв., Інстр. I, Янк. I, Янк. Мат., Тарн., Нас., Шат., Касп.), буды́нок (Бесар.), будынек (Чуд.). Сюды ж і буды́ніна ’будынак’ (Янк. I). Агляд бел. форм гл. Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 146–147. Укр. буди́нок. Запазычанне з польск. budynek ’тс’, якое паходзіць з с.-в.-ням. *būding ’будаванне’. Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47; Слаўскі, 1, 48. Падрабязна аб польскім слове і ням. крыніцы Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 180–185). Памылкова ўтварэннем ад буда (польск. buda) лічыць словы буды́нак, budynek Рудніцкі, 236.