Тэо́рыя ‘навука, абагульненыя палажэнні, сістэма ідэй’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў праз польск. teoria ‘тс’, якое з лац. theoria, што, у сваю чаргу, з грэч. θεοριᾶ ‘назіранне, меркаванне, вучэнне’ (Фасмер, 4, 43; ЕСУМ, 5, 43).
Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).
Тэпсты́ (тепсти́) ‘ківаць, матляць, целяпаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тыпсты́ ‘моцна трасці; шукаць’ (Клім.). Параўн. рус. дыял. тепсти́ ‘цягнуць, вязці з натугай’, палаб. tipst ‘трэсці’, славен. tepsti ‘біць, лупцаваць’, харв. tèpsti ‘збіваць масла; біць, стукаць; валачыць; плявузгаць’, серб. те̏псти ‘збіваць масла, пляскаць, боўтаць, калаціць’, роднасныя літ. tèpti ‘мазаць, шмараваць; біць, стукаць’ пры аблаўтным tapšnoti ‘ляпаць’ з інавацыйным суф. ‑šno‑ (Смачынскі, 673), параўн. харв. tȁpšati ‘тс’. Прасл. *tepti ‘стукаць, біць’ (гл. цепаць) з «інтэнсіўным» s, відаць, гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 45; Скок, 3, 460; Глухак, 623; Шустар-Шэўц, 1504; Бязлай, 4, 170–171; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949).
Тэ́пталь (тэ́птыль) ‘чалавек, які марудзіць’ (мёрск., З нар. сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таптацца (гл. таптаць) з суфіксам са значэннем асобы, названай па негатыўнай прыкмеце, і варыянтным вакалізмам.
Тэпэ́р ‘цяпер’ (кам., Сл. ПЗБ), тепе́р ‘тс’ (Вруб.), памянш. тэпэ́рачка ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. теперь, тепере, теперя, теперечи ‘тс’ (ГСБМ). Гл. таксама тапер, тіпіро, цяпер — варыянтныя формы першаснага спалучэння ўказальнага займенніка *tъ або часціц *to,*te (гл. ESSJ SG, 2, 684) і прыметніка *pьr̥vъ/pьr̥vь, параўн. укр. тепе́р, тапе́р, це́пер ‘тс’, рус. тепе́рь, топе́рь ‘тс’, чэш. teprv(e) ‘толькі’, серб. то̀прв ‘толькі, толькі што’ і інш. (Фасмер, 4, 44; ЕСУМ, 5, 547; Арол, 4, 61). Звязана з той, тый, тэй і первы, гл.
Тэ́раз ‘цяпер’ (Сл. ПЗБ), тэ́рас ‘тс’ (Сл. ПЗБ, шчуч., З нар. сл.), тэразне́йшы ‘цяперашні, сучасны’ (гродз., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. тэразъ, тэразъ ‘зараз, цяпер’ (XVII ст.), теразнейший, терезнейший ‘цяперашні’ (ГСБМ). Са ст.-польск. teraz ‘толькі што’, tenraz ‘цяпер’ (XVI ст., ESSJ SG, 2, 654; Борысь, 630), сучаснага польск. teraz, terazniejszy з тым жа значэннем (Булыка, Лекс. запазыч., 157).
Тэрако́та ‘абпаленая каляровая ганчарная гліна’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. террако́та ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з іт. terra cotta ‘абпаленая зямля’.
Тэрапі́я ‘лячэнне ўнутраных хвароб’ (ТСБМ), тэра́пія ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй непасрэдна з новалац. therapeia, дзе з грэч. θεραπεία ‘догляд, лячэнне’ або праз польск. terapja ‘лячэнне, майстэрства лячэння’ (ЕСУМ, 5, 349).
Тэрары́зм ‘палітыка і тактыка тэрору’ (ТСБМ), праз рус. террори́зм, дзе, верагодна, з нямецкай. Паходзіць ад лац. terror ‘жах’, гл. тэрор.
Тэра́са ‘ўступы зямлі або прыбудова перад домам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Відаць, праз рус. терра́са ‘тс’, што, у сваю чаргу, з франц. terrasse ‘земляны насып’, звязанага з лац. terra ‘зямля’.