Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́сы мн. ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., Жыв. НС). Гл. раса2.

Рэсь, рэс у лічылцы: Эна, бэна, рэсь, Кэнтар, мэнтар, жэсь. Она, дуна, рэс, кіндэр, віндэр, рэс (Дзіцячы фальклор, 422). Няясна. Магчыма, імітацыя іншамоўнай гаворкі (хутчэй за ўсё, ідыш).

Рэ́ся ’дурніца’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.). Няясна. Напэўна, можна суаднесці з тураў. ра́ся, ро́ся ’персанаж гульні, падобнай да гульні ў квача’, у час гульні ра́сю цвеляць, дражняць. Таксама нельга выключыць уплыў расама́ха ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.; гл.). Параўн. яшчэ рус. ресо́ня ’неахайніца’ (перм.).

Рэ́ткі ’частка кроснаў, якая складаецца з дошкі з дзіркамі, у якія ўцягваюцца ніткі’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.), ры́ткі ’тс’ (ТС), ра́йткі ’прылада для навівання нітак у кроснах’ (Сл. Гродз.), рэ́йтка ’маток нітак’ (Сцяшк. Сл.). З літ. ratẽlis ’колца; самапрадка’ або літ. rìtė ’шпулька’ < ням. Riet ’бёрда’.

Рэту́шка ’ракавіна’ (Ян.). Магчыма, ад рус. раку́шка ’тс’.

Рэ́тчас ’рэдка’ (лаг., Сл. ПЗБ), зрэ́дчас ’тс’ (ТСБМ). Вынік сцяжэння словазлучэння рэдкім часам.

Рэў ’моцны, працяглы крык’ (ТСБМ). Чэш. řev, славацк. rev, балг. рев ’тс’. Да раўці (гл.), як ад спявацьспеў.

Рэ́ўгішы ’пацёкі’ (свісл., Сл. ПЗБ). Гл. рага.

Рэ́ўда ’пра плаксівае дзіця’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Параўн. літ. raudà ’плач; лямант’, лат. raudāt ’плакаць’. Ад раўці (гл.) + суф. ‑д‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 35).

Рэ́ўза ’плакса, крыкун’ (Скарбы, ТС), ’неахайніца’ (Касп.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з дапамогай суфікса ‑з‑a ад раўці ’плакаць’ (Сцяцко, Афікс. наз., 41), падобна як рабэйза (гл.) ад рабы. Сюды ж рэ́ўзаць ’плакаць, румзаць’ (ТС). Паводле Масковіча (Зб. Талстому, 364), ад яўрэйскага ўласнага імя Réize, чаму пярэчыць фанетыка.