Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́шкацца ’марудзіць, рабіць памалу’ (пін., З нар. сл.; ТС). Рус. мешкать ’тс’, урал. ’чакаць’, кіраў. ’разважаць’, ст.-рус. мѣшькати ’чакаць, марудзіць’, ’жыць, пражываць, быць падданым’, мѣшаный ’павольны, вялы’ (паводле Махэка₂, 361, павінна было пісацца ме‑), польск. mieszkać ’марудзіць’, ’забыць, не звяртаць увагі’, ’жыць, прабываць, знаходзіцца’, ’заставацца’, ’быць у адносінах з кім-небудзь’, nieomieszkać ’не занядбаць’, в.-луж. mješkorić ’марудзіць’, чэш. meškati ’марудзіць’, ’знаходзіцца, перашкаджаць у рабоце’, славац. meškať ’спазняцца, адставаць’, славен. mečkati ’паволі працаваць’. Не зусім яснае слова. Найбольш імаверна, што яно паходзіць з мѣшати > мяшаць (гл.) у выніку нарашчэння асновы. Укр. мешкати ’пражываць’, як і ст.-бел. мешкати, мяшкати ’жыць, знаходзіцца’ (XIV ст.), запазычана са ст.-польск. mieszkać ’жыць’ (Жураўскі, SlOr, 10, 1961, 40; Булыка, Лекс. запазыч., ЕСУМ, 3, 455–456.

*Ме́штам, ме́штом ’ускосна, незнарок’ (ТС). Няясна.

Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).

*Ме́шыва, сен. ме́шава ’замешаны корм для скаціны’ (Касп.). Да мяша́ць (гл.) па тыпу прасл. měsivo (рус. месиво, серб.-харв. mjesivo).