Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Паспалі́ты, ст.-бел. посполитый, посполный ’агульны, просты’ (XIV ст.) поспольство, посполство, посполитство ’плебс, просты люд’, посполитоватися ’знацца, вадзіцца’, посполито, посполите і інш. таго ж кораня запазычаны са ст.-польск. pospolito, pospolicie, pospolitować się, pospólstwo, pospelny, pospolity (Жураўскі, SOr, 10 (1), 1961, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 38).

Паспасі́баваць ’падзякаваць’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ), паспасібкываць ’тс’ (Бяльк.). Ад рус. спасибо ’дзякуй’ пад уплывам бел. падзякаваць < дзякаваць (гл.).

Паспе́х ’паспешнасць’ (Нас., Грыг.), ’празмерная хуткасць’ (ТСБМ), ’паскарэнне’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), поспех ’спорнасць, хуткасць’ (ТС). Укр. по́спіх, рус. поспе́х, польск. pośpiech, н.-, в.-луж., чэш. pospěch, славен. pospȇh, ст.-слав. поспѣхъ ’паспешнасць’, ’паскарэнне’, ’садзейнічанне’. Прасл. pospěxъ было, відаць, утворана ад дзеяслова po‑spěšiti, у якім прэфікс po‑ павялічвае значэнне дзеяслова. Да спех, спяшы́ць (гл.). Сюды ж паспяшны́ ’ранні (напр., капуста)’ (лід., Сл. ПЗБ), пасьпе́шка ’ранні сорт бульбы, скараспелка’ (Касп.; в.-дзв., астрав., смарг., Сл. ПЗБ), параўн. польск. pośpiechy ’тс’. Гл. таксама поспех.

Паспо́лька ’рэчка, якая працякае праз поле’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з + паўзполька, якое з выразу паўз поле. Аналагічна слаўг. паўзполле ’месца ўздоўж поля’ (Яшк.).

Паспо́раваць ’прыспешваць’ (навагр., Сл. ПЗБ). Утворана пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑) ад прыметніка sporъ > ц.-слав. споръ ’багаты, пышны’, рус. спорый, укр. спбрий ’хуткі’, бел. спорны (гл.).

Паспо́рыцца ’паспрачацца’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі рус. поспорить і бел. паспрачацца ’тс’.

Паспро́буваць ’пакаштаваць’, паспрббывыный ’паспытаны, паспрабаваны’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі лексем паспытаць і рус. пробовать ’тс’.

Паспыта́ць ’паспрабаваць на смак’ (Бяльк., Касп., Бір.), паспы́так ’каштаванне, ці смачна’ (КЭС, лаг.; Нас.). Укр. поспита́ти ’пакаштаваць’, балг. опи́там ’паспрабаваць на смак ежу, напой’, н.-луж. pospytaś ’трохі паспрабаваць’, в.-луж. pospytować ’праводзіць доследы’. У іншых слав. мовах гэта лексема звязана са значэннем ’пытацца’, ’прасіць’, ’шукаць’, ’рабіць прапанову’. Да спытаць < пыта́ць < прасл. pytati/pitati з першасным значэннем ’кроіць, рэзаць, сячы’, г. зн. ’адразаючы, адсякаючы, даведвацца пра гэты прадмет’.

Пасро́дак ’сярэдзіна’ (Нас.). З польск. pośrodek ’тс’. Разам з тым пасродак ’пасрэднік’ (там жа) — кантамінацыйнае ўтварэнне з пасрэднік і сродак.

Пасрэ́днік ’той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы, дапамагае наладзіць кантакт’ (ТСБМ). Укр. посеред́ник ’тс’, ’міравы пасрэднік’, рус. посре́дник ’пасрэднік’, польск. pośrednik, pośrzednik, postrzednik, н.-, в.-луж. posrědnik, чэш. prostřednik, славац. prostredník, славен. posrédnik, серб.-харв. по̀средник, макед., балг. посредник. У слав. мовы трапіла рознымі шляхамі. У бел., паводле Жураўскага (Матэр. IV Міжнар. з’езда слав. Мн., 1958, 51), прыйшло з ц.-слав. праз рус. Да ст.-слав. посреѣдьнъ ’які знаходзіцца пасярэдзіне’, прасл. serdъ > сярэдзіна (гл.).