По́спех 1, паспе́х ’удача ў дасягненні чаго-небудзь’, поспехі ’добрыя вынікі ў рабоце, вучобе’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., ТС), укр. поспіх ’поспех’, ст.-рус. поспѣхъ ’дапамога’, ’стараннасць, руплівасць, подзвіг’, польск. pośpiech ’хуткасць, спешнасць’. Звязана з паспяшаць — паспець ’(з)рабіць хутка, на час, удала’. Адсюль поспех у першасным значэнні ’справа, зробленая хутка, спрытна, на час, удала’ > ’добры вынік’ > ’подзвіг’, ’поспех’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння.
По́спех 2, паспяшо́к ’грузік на верацяне, каб яно даўжэй круцілася пры прадзенні; круглае, звычайна металічнае колца, якое надзяваецца ў пачатку прадзіва на верацяно, каб яно стала цяжэйшым і лепш (даўжэй) круцілася’ (Бір.; слуц., Нар. словатв.; З нар. сл.). Назва прыстасавання, звязаная з паспяшаць ’паскараць’, гл. паспе́х.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)