Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Бусе́ць: жыта бусе́е ’псуецца, пакрываецца іржой’ (Запіскі, т. 2, кн. 9, 112). Параўн. рус. дыял. бу́се́ть ’плеснець, цвісці’. Усё ад *busъ ’шэры’, слова, пашыранага на рускай моўнай тэрыторыі, але ад якога ў бел. мове ёсць вытворнае — бу́сел (гл.).

Бу́сі, бу́ські ’пацалуначкі’, бу́ся. Гл. бу́сяць.

Бусла́й (Нас.), тое ж, што буса́йла (гл. пад бусава́ць). Але не выключаецца, што бел. бусла́й, як і рус. бусла́й, іншага паходжання (Фасмер, 1, 251). Гл. яшчэ буслік.

Буслік ’сто грамаў гарэлкі’ (Інстр. III). Няясна. Можа, ёсць сувязь з бусава́ць, буса́ць ’п’янстваваць’ (гл.). Параўн. яшчэ рус. бусла́й ’чалавек, які любіць пагуляць, павесяліцца, гуляка’ (гэта, аднак, можа быць і іншага паходжання, гл. Фасмер, 1, 251). Не выключаецца і сувязь з бу́сел, але якая тут матывацыя?

Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Бусурма́н. Гл. басурма́н 1.

Бу́сы ’пацеркі’ (Інстр. I, Сакал., Бяльк.). Рус. бу́сы, укр. бу́си. Слова, пашыранае пераважна на рускай моўнай тэрыторыі. У бел. мове, здаецца, з рус. Паходжанне слова няяснае. ёсць версія пра сувязь з *biserъ ’бісер’ (гл.); так Праабражэнскі, 1, 55; Шанскі, 1, Б, 237; Гараеў, 17. Супраць Фасмер, 1, 252; Бернекер, 58; Рудніцкі, 270. Сабалеўскі (РФВ, 67, 214) звязаў слова з бу́са ’лодка, карабель’ (< сканд. моў), па падабенству ракавін, з якіх рабіліся пацеркі, з лодкамі.

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Бут ’яма, траншэя з каменнем; каменны падмурак печы ў хаце’ (Яшкін). Параўн. рус. бут ’дробнае каменне, шчэбень’, бути́ть ’напаўняць яму цэментным растворам і шчэбнем’. Паходжанне слоў няяснае. Гл. Фасмер, 1, 252 (там некаторыя меркаванні).

Бу́таль. Гл. бу́тля, бутэ́лька.