Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)