Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вурва́лак ’кусок палена, цурбалак’ (дзярж., З нар. сл.; Нар. сл.). Ад вы́рваць ’адарваць, аддзяліць’ з пераходам ы > у, гл. вы́рвалак ’вялікі кавалак’ (Бяльк.), або урва́ць ’захапіць, адарваць’; параўн. урвала́ ’жарт, каламбур’ (сакольск., Арх. Федар.), што адпавядае польск. kawał ’тс’ (і ’кусок, кавалак’). Параўн., аднак, бурва́лак ’палена і інш.’ (гл.), для якога ўказваюць літоўскую крыніцу (Арашонкава і інш., БЛ, 3, 36), і паралельныя формы гродз. ушва́лак і бушва́лак ’кусок палена’ (Цых., ад *шваліць?), брагін. ушва́рак ’тс’ (Шатал., ад шва́рнуць ’шпурнуць’?) і інш., адносна спарадычнай замены в на б у ізаляваных словах параўн. Машынскі, Kultura, 2, 2, 856, 884.

Вурвалле ’пласт зямлі’ (КТС). Відаць, да урва́ць, вы́рваць, гл. ву́рвалак.

Ву́рвіняц ’жэўжык, свавольны хлапчук’ (З нар. сл.). Ад вы́рвацца, рваць, першапачаткова ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі абарвалася вяроўка)’; параўн. польск. urwaniec ’шыбенік’, рус. сорване́ц ’тс’, ато́рва ’тс’ (З нар. сл.); у на месцы ы — характэрная фанетычная асаблівасць гаворак поўдня Беларусі; параўн. вы́рвас ’тс’.

Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл. З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус. бранск. вурга́н ’сіняк’, маск. ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е. *wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат. sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв. варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл. vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).

Вурга́ніць ’валіць адно на другое без парадку, рабіць абы-як’ (Нас.). Відаць, немагчыма разглядаць асобна ад варганіць ’тс’; узыходзіць да незафіксаванага *вурга́ць, вургану́ць ’кідаць, штурхаць’, што адпавядае балг. въ́ргам ’перакульваць, валіць’, чэш. vrhati, славац. vrhať ’кідаць’ і інш.; адносна семантыкі параўн. таксама балг. арг. върго́лю ’рабіць, працаваць’.

Вургу́ль ’цвёрды нарост пад скурай’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад варгу́ль ’нарост на дрэве’ (палес., Цыхун, вусн. паведамлю; як і паралельнае да яго балг. радоп. вьргу́л’ ’камяк зямлі ці невялікі моцны камень’, варгу́лʼка ’тс’ з’яўляецца хутчэй за ўсё самастойным аддзеяслоўным утварэннем, параўн. бурду́ль ’пухір’ і бурдзе́ць ’закісаць’, незафіксаваны дзеяслоў павінен быў бы мець форму *вурга́ць (гл. вурганіць) ’кідаць, штурхаць’ з характэрнай для назоўнікаў з такім значэннем суфіксацыяй.

Ву́рда ’вяртушка, буркаўка’ (навагр., Жыв. сл.). Гукапераймальнае.

Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Вуржэ́ць ’гудзець’ (КТС). Гукапераймальнае.

Вурза́лак ’кусок дрэва; вялікі камяк у страве; бясформенны кавалак’ (КСП). Магчыма, да ву́рзаць ’прагна есці, глытаць’ ці ’стукаць, біць’, гл. ву́рзнуць, націск і словаўтварэнне, магчыма, пад уплывам назоўнікаў з падобнай семантыкай (кава́лак, бурва́лак, вурва́лак і інш.).