Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл. З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус. бранск. вурга́н ’сіняк’, маск. ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е. *wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат. sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв. варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл. vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)