Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ты́чаць ‘соваць, усоўваць, тыкаць’, ты́чыць ‘торкаць, уторкваць’ (ТС), ты́чяті ‘соваць, даваць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да тыкаць (гл.) паводле магчымага чаргавання ў прасл. *tykēti > *tyčeti > *tyčati ‘усоўваць, тыкаць’. Сюды ж ты́чма ‘не адыходзячы ад каго-небудзь, увесь час папікаючы’: тычма тырчыш (Нас.); як кантамінацыя з тырчма тырчаць (гл. тырчаць) з заменай першага спалучэння сінанімічным.

*Тыча́ць, тычя́ти ‘тырчаць’ (Клім.), тичйа́ти ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўноўваюць са старым серб. тичати, харв. tičati ‘хавацца’, ‘здзіўляцца’, ‘сядзець на кутніках’, славен. tičáti ‘знаходзіцца, быць, тырчаць’, што выводзіцца з прасл. *tyčati, якое з *tykati ‘ўтыкаць, затыкаць’, ‘калоць, басціся’ (Сной₂, 763). Бязлай (4, 179) славен. tyča̋ti ‘быць заткнутым, утыкнутым’ трактуе як эсіў прасл. *ty̋kati ‘датыкацца, калоць, басціся’, які з’яўляецца ітэратывам ад *tъknǫti ‘тс’. Магчыма, да папярэдняга слова. Гл. таксама тыкаць.

Ты́чка ‘вяха, вешка, уваткнуты ў зямлю шост, якімі пазначаюць дарогу, межы зямельных участкаў, мель, фарватар’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., Растарг., ТС, Мал.; лід., пін., Сл. ПЗБ), ‘знак забароны хадзіць ці пасвіць жывёлу’ (Жд. 2; Нік., Оч.; ашм., Стан.), ‘упіканне’ (Нас.); ‘кіёк’ (Сцяшк.): ja z taboju ŭ tyczki hraŭ? (у адказ таму, хто звяртаецца на «ты»; Федар. 4), ‘высокі чалавек’ (Ян.); ‘завостраная палка, якой праводзяць баразёнку, як саджаюць гуркі’ (Бяльк., Булг., Мал., Гарэц., Федар. 6), ‘жэрдка для выцягвання вядром вады з калодзежа’ (Тарн.; іван., ЖНС; івац., Жыв. сл., Зайка Кос.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (кам., ДАБМ, камент., 809), ‘прытык(а), шост і шнур з крукам для замацавання ля дна рыбалоўных снасцей’ (Крыв., Шат.), ‘вітка, якой перавіваюць калкі плота’ (стол., ЛА, 4), ‘ручка цэпа’ (малар., Выг.), ‘дзяржанне ў качарзе’, ‘вілачнік’, ‘дзяржанне ў памяле’ (ваўкав., ЛА, 4); ‘жэрдка, падвешаная ўверсе перад печчу’ (кам., ЛА, 4), ‘шост для падпірання павойных раслін’ (ТСБМ, Нас., Шат., Ян.), ст.-бел. тычка ‘вяха, знак мяжы ці забароны’ (1541 г., ГСБМ). Параўн. укр. ти́чка ‘вяха’, ‘апора для павойных раслін’, ‘жордачка’, ‘від гульні’, рус. тычок ‘патарчака’, польск. tyczka ‘кій, шост, вешка, утыканая ў зямлю’, ‘від гульні’, чэш. tyčka ‘кій, шост’. Відаць, рэгіянальнае славянскае ўтварэнне пры дапамозе суфікса ‑k‑a ад *tyčь > тыч альбо мясцовае ад ст.-бел. тыка (гл.) і суф. ‑ьк‑а. Да ты́каць (гл.)

Тычня́к ‘плот, частакол’ (Мат. Мазыр.), ты́чнік зборн. ‘дубцы для агароджы’ (Мат. Гом.), тычы́ннік ‘частакол’ (леп., Рэг. сл. Віц.). Суфіксальныя ўтварэнні ад тыч, тычына (гл.), параўн. тыччо́: насек тычча, буду плот гарадзіць (докш., Янк. Мат.), ты́чча зборн. ‘тычкі’ (Мат. Гом.).

Тычы́на ‘жэрдка’ (Яруш., Шымк. Собр., Доўн.-Зап. 2), ‘вялікая палка, доўгі шост’ (ТСБМ, Шат., Адм., Ян.; пух., іўеў, Сл. ПЗБ), ‘тонкая жардзіна, якая ўтыкаецца ў зямлю’ (Нас., Растарг.), ‘завостраны шост’ (Гарэц., Байк. і Некр.), тычына́ ‘тс’ (ашм., Стан.), тычы́нка: хмель тычынку абвівае ‘тс’ (Сержп. Прык.), ‘жэрдка, падвешаная ўверсе над печчу’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. тычина ‘вяха, тычка’ (1585 г., ГСБМ). Параўн. укр. тичи́на ‘тычка’, рус. тычи́на ‘тс’, польск. tyczyna ‘тс’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ін‑а ад ты́каць, ткнуць (гл.); не выключана ўтварэнне ад *tyčь ці *tъkъ (з падаўжэннем вакалізму асновы) і таго ж суфікса ‑ін‑а. Сюды ж тычы́н ‘вочап у студні з жураўлём’ (ваўк., ДАБМ, камент., 810) са зменай родавага канчатка пад уплывам вочап, тыч і інш.

Ты́чыцца ‘датычыць, мець адносіны’ (ТСБМ), ст.-бел. тычитися ‘мець дачыненне’ (1388 г., ГСБМ): вам се самых тыче (Александрыя), побач з тычити ‘тс’: в томъ местѣ ничого не тычетъ Слуцка (1499 г., ГСБМ). Відаць, запазычана з польск. tyczyć się ‘адносіцца да чагосьці ці кагосьці’ або скалькавана непасрэдна з лац. attingere (< tangere ‘кранаць, датыкацца’), параўн. лац. guod attingit ‘што да, як да, у дачыненні да’, польск. co się dotyczy (‑tyczy замест ‑tycze, гл. Ніч, Wybor pism, 2, 257; Банькоўскі, 1, 292), чэш. co se týče, славац. čo sa týka, славен. kar se tega tiče, tikati se ‘датычыць, адносіцца’. Да тычаць, тыкаць 1 (гл.); паводле Борыся (657), польск. tyczyć ‘памячаць дарогу тычкамі’ ад прасл. *tyčь, гл. тыч.

Ты́шча ‘тысяча, вельмі многа’: Адным поясам тышча падперазаны (у загадцы). — Снуоп (мазыр., Сержп. Прык. і прым.). Параўн. рус. разм. ты́шча, дыял. ты́сца ‘тс’ (СРНГ). Алеграформа ад тысяча, гл.

Ты́шчыцца разм. ‘пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды-небудзь’ (ТСБМ, Шат.; лаг., Гіл.), ‘хавацца, залазіць у шчыліну, у дзірку; зашывацца’ (маладз., Янк. Мат., Варл.), ты́шчыць ‘соваць’ (Шат.), ‘рыць, успорваць зямлю’: svińnia tyščuć łoh (Варл.). Няясна. Мажліва, адзіны захаваны ў сучасных славянскіх мовах адпаведнік ст.-слав. тъщати сѧ ‘спяшацца, імкнуцца, старацца, сіліцца’, паколькі старое рус. тщи́ться ‘тс’, ст.-серб. таштати се ‘тс’ лічацца запазычаннямі праз царкоўнаславянскую мову (ESJSt, 17, 1007), як і ст.-бел. тщитися ‘старацца’, адзначанае выключна ў рэлігійных тэкстах (ГСБМ). Магчыма, што захаванню архаізма ў абмежаваным арэале садзейнічалі фармальна і семантычна блізкія літ. kýščioti ‘соваць, усоўваць, запіхваць’, зваротнае kìštis ‘умешвацца’ няяснага паходжання (Смачынскі, 292).

Ты́яка ‘тыя’ (Сцяшк. Сл.). Форма 3‑й ас. мн. л. ад той. Да той — ты́я (ТСБМ, Нас.), параўн. ты́jе ‘тс’ (Вруб.), пашыраная лакальным суфіксам ‑ка (Карскі 2–3, 55–56).

Тыя́ра ‘галаўны ўбор старажытных усходніх цароў; мітра Рымскага Папы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Праз ст.-рус., царк.-слав. тиара (з XI ст.) запазычана са ст.-грэч. τιάρα ‘галаўны ўбор персідскіх цароў, чалма’, куды трапіла з персідскай мовы (Фасмер, 4, 55; ЕСУМ, 5, 577; Голуб-Ліер, 462). Для беларускай назвы магчыма пасрэдніцтва лац. tiāra ‘мітра’.

Ты́яць ‘тлусцець, таўсцець’ (Сцяшк. Сл.). Да тыць (гл.), другасны інфінітыў, утвораны пад уплывам асабовых форм цяп. часу.