Рэпе́й абрад, ’галінка (хвоі, упрыгожаная кветкамі)’ (Мат. Гом.). Магчыма, пад уплывам рус. репе́й адбыўся семантычны перанос ’калючы дзядоўнік’ > ’калючая галінка хвоі’. Але калі гаворка пра вясельны абрад, у час якога каравай упрыгожвалі “шышкамі” — абкручанымі цестам і запечанымі галінкамі з двума і трыма парасткамі, тады можна суаднесці з в.-луж. repuch ’развілістая галіна’.
Рэпетава́ць ’злавацца, сердаваць’ (Ян.), рыпытова́тэ ’крычаць, лямантаваць’ (драг., Нар. лекс.). Укр. репетова́ть ’крычаць з усяе моцы; плакаць’, репетувати ’лямантаваць; лаяцца’, рус. репетитъ ’хутка гаварыць’, репетиться ’выказваць незадаволенасць’, чэш. repetit ’хутка і невыразна гаварыць’ экспрэсіўнае ад reptati ’рашаць’ < прасл. *rъptati, дзе rъp‑ — гукапераймальная аснова. (Махэк₂, 512–513; Рэйзак, 536–537). Гл. яшчэ рэптаці.
Рэпеты́цыя ’развучванне, паўтарэнне або пробнае выкананне драматычнага, музычнага і пад. твора’ (ТСБМ). З рус. репетиция ’тс’.
Рэ́пех ’лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (ЛА, 1). Гл. рэпік.
Рэ́пік ’род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных’ (ТСБМ), ’Eupatorium L.’ (Байк. і Некр.), ’дзядкі’ (Касп.). Укр. репʼя́х, рус. репе́й, польск. rzep, в.-луж. rěpik, чэш., славац. repík ’тс’, серб. і харв. рѐпух ’тс’, балг. репей, ст.-слав. рѣпьѥ. Прасл. *rěpъ/*rěpьjь ’учэплівая расліна’ ад *rěpiti ’хапаць, чапляцца’ (Борысь, 533). Мяркуецца сувязь з літ. aprepti ’ахопліваць’, reples ’абцугі’, ст.-прус. raples ’тс’, лац. rapio ’хапаць, абрываць’ (Фасмер, 3, 471).
Рэ́піца ’хваставая частка пазваночніка ў жывёлін’ (ТСБМ). Укр. рі́пица ’тс’, рус. реп́ица ’тс’, польск. rząp ’хвасцец’, в.-луж. rjap ’хрыбет’, славен. rep ’хвост’, серб. і харв. ре̑п ’тс’. Прасл. *rępъ/*rępь азначала, напэўна, кароткі хвост, абрубак хваста, сам хвост як працяг хрыбта. Магчыма, роднаснае прасл. *rǫbiti ’рубіць’ і ням. Rumpf ’тулава’ (Трубачоў, Этимология–1964, 8).
Рэ́піць ’заўзята, з захапленнем граць, скакаць’ (Сцяшк. МГ). Ад рыпаць 2 (гл.). Чаргаванне ы : э, магчыма, пад уплывам польск. rzępolić ’кепска граць на скрыпцы’, rzępak ’музыка’, rzępolą ’той, хто кепска грае на скрыпцы’. Польскія словы Брукнер звязвае з rząp ’хвасцец, зад’ (Брукнер, 474), што неверагодна. Можна таксама дапусціць уплыў назвы народнага танца Рэпка > рэпіць ’скакаць або граць Рэпку’ > ’граць, скакаць’.
Рэ́пішча ’поле пасля рэпы’ (Яшк.). Аналагічна грача́нішча ’поле пасля грэчкі’ (ЛА, 2), гарахаві́шча ’поле пасля гароху’ (ЛА, 2). Прасл. *rěpišče < *rěpa. Гл. рэпа 1.
Рэ́пка 1 ’драўляны блок, які прыводзіць у рух шпульку ў калаўроце’ (Касп., Нар. сл., Скарбы), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’кальцо для прымацавання шыйкі касы да касся’ (Шатал.), рипа ’дэталь самапрадкі, якая злучае верхнюю частку з падстаўкай’ (Уладз.). Форма рэ́пка ўтварылася паводле народнай этымалогіі, магчыма, з-за знешняга падабенства дэталі да рэпы. З лат. ripa ’дыск; круг; шайба’.
Рэ́пка 2 ’надкаленная косць’ (ТСБМ, Жд. 2; смарг., Сл. ПЗБ), анат. ’макаўка (у жывёлін)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Укр. рі́пиця ’тс’. Іншая назва чашка (гл.). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка 1 (гл.).
Рэ́пка 3 ’скрутак лык’ (Жыв. сл., ЛА, 4), ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк. МГ), ’скрутак’ (віл., раг., Сл. ПЗБ). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка 1 (гл.).