Рэ́паны ’патрэсканы, шурпаты’ (Мат. Гом., ПСл), рэ́паныя грыбы ’пеўнік стракаты (грыб)’ (Нар. словатв.), рэ́паны, рэ́йпаны ’рэпана жаба (земляная жаба, рапуха)’ (ТС), рэ́йпаны ’цёмны, забіты’ (Жыв. сл.). Укр. репаний ’патрэсканы; грубы’, славац. rapavý ’рабы; парэпаны’, rapina ’воспіна, шчарбіна’, макед. рапав ’шурпаты’, балг. репейак ’няроўная шурпатая паверхня’. Літ. raupaĩ ’воспа’. Аснова *ropa ’гной’. Найбольш дакладныя адпаведнікі звязаныя з чаргаваннем е : о — лат. repeči ’нешта няроўнае; патрэсканая скура’, rept ’зарубцоўвацца’, балг. ропка, ропа ’яма, роў’, ропчев ’са слядамі воспінаў на твары’. Асновы *rep‑ і *ropa маюць узаемаабумоўленыя значэнні: 1) трэскацца — біць, струменіць — шчыліна, яма; 2) трэскацца — шчыліна — няроўнасць — грубы. Семантычныя паралелі рус. лопать(ся) — лопань ’калодзеж на балоце’, прыскать — прыщ ’пухір, вадыр’ (Куркіна, Этимология–1972, 73).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)