Ро́па1 ’гнойныя выдзяленні’ (ТСБМ, Др.-Падб., Юрч. СНЛ), ’сукравіца, гнілая кроў, што ідзе з рота, носа або з вушэй у нябожчыкаў’ (Мядзв., Гарэц., Нас., Байк. і Некр., ТС), ’крывяністае выдзяленне з раны’ (Сл. Брэс.), ’гной з раны, з вачэй’ (смарг., Шатал.), ропа́ ’расол з пасоленага мяса, рыбы’ (Сл. Брэс.), ро́па, ропа́ ’лёк’ (лельч., б.-каш., ЛА, 4), ро́па, ропа́ ’канцэнтраваны раствор солі’ (ТС). Укр. ропа́ ’сукравіца’, ’расол’, рус. ропа́ ’сукравіца, гной’, ’расол’, польск. ropa ’гной’, ’нафта’, ropić się ’гнаіцца’, славен. ropa ’торф’, на падставе чаго прасл. *ropa ’густая вадкасць’ (SEK, 4, 203). Не зусім яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 17, 174) параўноўвае яго з ст.-інд. rápas ’раненне, цялеснае пашкоджанне’. Брукнер (462) прыводзіць у якасці роднаснага літ. rapstýti, якое, аднак, з’яўляецца памылкай друку (Трубачоў, Дополн.Фасмер, 3, 501). З другога боку, мяркуюць, што існавала старое польск. rob, якое, нібыта, абазначала ’нейкае варэнне з зёлак’ і — праз ням. Robb, франц., ісп. rob ’тс’, італ. rob, robbo, партуг. robe ’фруктовы мёд’ было запазычана з араб. robb ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl.). Іншыя версіі гл. essj, Ukáz. 85–89; Бязлай, 3, 196; Махэк₂, 516. Гл. рапа́.

Ро́па2 ’газа’ (навагр., Сцяшк. Сл.). З польск. ropa naftowa ’нафта’ — семантычны пераход адбыўся ўжо ў польск. мове: nafta ’азначае ’газа’ і ’нафта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)