Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ты́хо-лы́хо ‘шыта-крыта’ (драг., З нар. сл.). Да ці́ха і лі́ха (гл.) з заходнепалескай фанетыкай, параўн. ст.-бел. тихо, тыхо ‘ціха’, тихота, тихость ‘адсутнасць гаворкі, лагоднасць, пакора’ і лихо ‘зло’, ‘адчайна, рызыкоўны (ГСБМ); ведаць, на аснове рыфмаванага выслоўя, параўн. Cicho, bo budzie licho! (ваўк., Федар. 4), або Ot, ad licha cicha, a dabra ni czutno (там жа), He чапай ліха, пакуль яно ціха (Вушац. сл.).

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Тыце́яць, тыті́яти ‘моцна і голасна сварыцца’ (драг., Ск. нар. мовы). Няясна. Магчыма, ад тыц, гл.

Ты́цкала ‘падкалочаная малаком і мукой яечня’ (Сцяшк.), ты́цкало ‘смятана’ (Сцяшк. Сл.), ты́цкалка ‘мачанка’ (Жд. 2). Усе ўтвораны ад ты́цкаць ‘тыкаць, макаць’, гл. тыц.

Тыць ‘таўсцець’ (Скарбы): razumny sochnie, a durny tyje (ваўк., Федар. 4), ты́яць ‘тлусцець, паўнець’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. ти́ти ‘тлусцець’, рус. ты́ти, стараж.-рус. тыти ‘сыцець, паўнець, гладчэць’; польск. tyć ‘тс’, н.-, в.-луж. tyś ‘квітнець’, чэш. týt, славац. tyť, серб. ти̏ты ‘паўнець, тлусцець’, ‘буйна разрастацца’, харв. tȉti ‘тс’, балг. ту́чен ‘тлусты’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘урадлівы’, ст.-слав тыти ‘паўнець’. Прасл. *tyti ‘гладчэць’, ‘набухаць, набрыньваць’ роднаснае літ. tùkti ‘тлусцець’, лат. tȗkt ‘пухнуць, набрыньваць’, вал. tyfu ‘расці’, лац. tumēre ‘быць раздутым’, ст.-інд. tū‑ya‑ ‘моцны, хуткі’, авест. tavás‑ ‘моцны’ < і.-е. *teu̯(ə)‑/*tou̯‑/*tū̆‑ (Фасмер, 4, 144; Скок, 3, 475; Брукнер, 587; Махэк₂, 655; Голуб-Копечны, 399; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 575; ESJSt, 17, 1003). Параўн. таксама тыл, тук. Апафанічны варыянт прасл. *tyti ў форме *toviti захаваўся ў харв. tòviti ‘адкормліваць жывёлу’, otâva ‘другі сенакос’ (Скок, 3, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25), гл. атава і, магчыма, товіст ‘тоўсты’ (гл.), вывядзенне якога з *tl̥stъ (гл. Карскі 1, 257) выклікае пэўныя фармальныя цяжкасці, у такім выпадку значэнне магло быць ‘адкормлены’.

Тыцю́н ‘тытунь’: Czy ŭ tèbe tyciùn je? (Федар. 4). Гл. тытунь; мажліва, набліжанае да тыц (гл.) пры спажыванні нюхальнай табакі.

Ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’ (кам., ЖНС); 3‑я ас. адз. л. ты́цяе ‘цягнецца, пляцецца, ціха ідзе’ (Бес.). Няясна; магчыма, роднаснае чэш. tejcet ‘бадзяцца, швэндацца, ацірацца, лазіць (з месца на месца)’ — старачэшскае ў адносінах да яго (у выніку падаўжэння ъ > y) было б ⁺tycěti (Махэк₂, 638). Да прасл. *tekti, адкуль цячы (гл.). Семантычна суадносіцца з ты́цаті ‘шукаць’ (Сл. Брэс.), якое, аднак, бліжэй да ўкр. ти́цяти, ти́цькати ‘біць заднімі нагамі’, серб. ти́цаты ‘датыкацца’, славац. tycať ‘торкаць’, што да прасл. *tycati, *tъknǫti (ЕСУМ, 5, 566, 577), гл. тыц.

Тыч ‘вочап у студні з жураўлём’ (пруж., ДАБМ, камент., 810), сюды ж зборн. тыччо́ ‘тычкі для плота’ (докш., Янк. Мат.), ты́чча ‘тычкі’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. зборн. ти́ччя ‘тычкі’, тик, тика ‘тычка, вяха’, рус. тыч ‘драўляны кол’, зборы, тычче́ ‘тычкі, тычыны’, польск. tycz ‘жэрдка-падпорка’, tycza ‘тс’, н.-луж. tyca ‘тычка для хмелю ці гароху’, в.-луж. tyč ‘тычка’, чэш. tyč ‘тычка, жэрдка, дручок’, славац. tyč ‘палка, жэрдка, штанга, стрыжань, рэйка’. Паўночнаславянскае прасл. *tyčь ад *tykati ‘ўтыркаць, убіваць, запіхваць’. Гл. таксама тычка, тычына.

Ты́чак ‘фасоля, якая ўецца’ (беласт., Сл. ПЗБ), тыча́к ‘тс’ (Вруб.). Утворана ў выніку семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тычкава́я, ты́чкавая, тычко́ва(я) фасо́ля ‘фасоля, якая ўецца па тычках’ (Сл. ПЗБ, Сцяц., Мат. Гом., ПСл). Да тыч, ты́чка (гл.); з іншай суфіксацыяй тычку́н ‘тс’ (беласт., Вруб.).

Тычаны́ ‘трыножнік для падвешвання калыскі’ (Касп.). Суфіксальнае ўтварэнне ад тыч (гл.) у мн. л. па ўзоры стаяны́ ‘стаякі’ і іншых назваў прыстасаванняў, што складаюцца з аднародных частак.