Бурла́к ’бурлак’ (БРС, Нас.), ’парабак, батрак’ (КЭС), ’здаравенны чалавек’ (Нас.), ’лайдак, гультай’ (КЭС). Укр. бурла́к, бурла́ка ’бабыль, бяздомны чалавек, халасцяк’. Рус. бурла́к ’работнік на рачных судах; селянін на заработках; здаравенны хлопец; халасцяк; валацуга’. Польск. burłak (< укр.). Вельмі цёмнае слова. Версіі пра запазычанне (з тат. мовы або з с.-в.-ням.; агляд іх гл. Фасмер, 1, 245–246; Шанскі, 1, Б, 233) пераконваюць слаба. Шанскі, там жа, хоча выводзіць яго з рус. *бурло ’крыкун’ (< бурло ’найбольшы звон на званіцы’). Але гэта вельмі няпэўна. Рудніцкі (1, 263) бачыць сувязь з дзеясловам слав. *burliti ’бурліць’ (параўн. укр. бурли́‑голова ’неспакойны чалавек’, бурлі́й ’крыкун, баламут’). Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне Шанскім (там жа) бел. і ўкр. слова з рус. мовы.
Бурлі́ць ’бурліць’. Рус. бурли́ть, укр. бурли́ти. Усх.-слав. слова, спрэчнае па паходжанню. Праабражэнскі (1, 54) лічыў яго гукапераймальным. Фасмер (1, 246), Рудніцкі (263–264) думаюць пра сувязь з *burʼa (гл. бу́ра). Шанскі (1, Б, 234) выводзіць ад *бурло ’крыкун, шумны чалавек’ (параўн. рус. бурло ’самы вялікі звон на званіцы’, бурлан ’крыкун, забіяка’ і г. д.).
Бурме́ль (арго) ’ячмень’ (Рам.). Раманаў (там жа) параўноўвае з польск. burwień ’авёс’ (адкуль?). Няясна. Параўн. яшчэ рус. дыял. бурмиться ’каласіцца’ (аб аўсе).
Бурмі́стр (гіст.). Рус. бурми́стр, укр. бурмис́тер. У значэнні ’стараста’ запазычанне з польск. burmistrz, burgmistrz (< ням. Burgmister, Bürgermetster, гл. Брукнер, 50). Фасмер, 1, 246. У значэнні ’бургамістр’, магчыма, непасрэдна з с.-в.-ням. burmēster; Праабражэнскі, 1, 54; Фасмер, 1, 246. Параўн. бургамі́стр. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 53.
Бурмі́шча ’ўдалец, весялун, гуляка’ (КЭС). Відаць, да дзеяслова бурмава́ць ’бушаваць, шумець’ (Нас.). Але Фасмер (1, 246) рус. (смал.) бурми́ще ’тс’ хоча вывесці з бурмістр (гл.). Наўрад ці гэта так.
Бу́рнас. Гл. бурно́с. Можна меркаваць, што націск у слове бу́рнас сведчыць аб паходжанні ўласна гэтай формы слова з польскай мовы (параўн. польск. burnos, burnus). Аб гэтым сведчыць і геаграфія слова бу́рнас (зах., Сцяшк. МГ).
Бурно́с ’плашч, бурнус’ (БРС, Касп.), ’мужчынская доўгая вопратка’ (Інстр. I, Сцяшк. МГ), ’армяк, бурка’ (Янк. Мат.), ’вялікі мужчынскі кажух; доўгая вопратка з даматканага сукна і г. д.’ (Сакал.), бу́рнас ’доўгае суконнае адзенне’ (Сцяшк. МГ), бу́рно̂с ’зімовая жаночая вопратка’ (Лысенка, ССП). Рус. бурну́с ’плашч з капюшонам’, укр. бурну́с, бу́рмус, польск. burnus, bornus, burnos, burmus, burno, burdus, чэш., славац. burnus ’від зімовай вопраткі’. Усюды слова зрабілася народным. Запазычанне з араб. burnus ’шырокі плашч’ або праз франц. bournus, або праз тур. burnus, burnuz лёгкі шарсцяны плашч’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 19; Фасмер, 1, 247; Рудніцкі, 264; Махэк₂, 77; Варш. сл., 1, 238. Бел. бурно́с, можа, з польск. burnos. Параўн. і форму бу́рнас (націск!).
Бурну́ць ’шпурнуць’. Гл. буры́ць 1.
Бурнэлька ’расліна чорнагалоў, Prunella L.’ (Кіс.). Параўн. брунэ́лька. Варыянт бурнэлька таксама запазычаны з польскай мовы (польск. burnelka|brunelka; аб паходжанні польск. слова гл. пад брунэ́лька).
Буро́іць ’гаварыць без толку’ (Бяльк.). Параўн. рус. буро́вить ’гаварыць; балбатаць; вярзці лухту’, буро́бить ’гаварыць няпраўду, ілгаць’. Рус. дзеясловы азначаюць таксама ’варушыць, узрыхляць; хваляваць; перамешваць; застаўляць цячы, біць крыніцай; многа наліваць з шумам і да т. п.’, таму можна меркаваць, што ўсе гэтыя словы адносяцца да буры́ць 1, 2. Гл. Фасмер, 1, 247, які рус. буро́бить ’хлусіць’ адносіць да буро́вить ’біць крыніцай’.