Трэ́бнік ‘кніга, у якой сабраны малітвы для адпраўлення трэб’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ст.-бел. требникъ ‘тс’, ‘ахвярнік’ (ГСБМ). Са ст.-слав. трѣбьникъ, ‘кніга рытуалаў у грэчаскай царкве’. Да трэ́ба 1 (гл.).
Трэбяза́ (трэбэза́) ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Гл. таксама трабяза́, трапе́за 1, трапяза́. Як магчымае запазычанне з польск. trzebież ‘зямля ці поле, ачышчанае ад зарасніку, выцерабленае, інакш — карчовішча’, адпаведнае лац. suppertum (Жлутка, 329), можа разглядацца ў межах зямельнага права ВКЛ.
Трэ́йка 1 ‘мяльшчык, мяльшчыца’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), ‘трапальшчыца’ (хойн., ЛА, 2, Трух.); ‘мяліца, церніца, на якой труць лён, каноплі’ (ельск., Мат. Гом.). Да церці (гл.). Суфіксацыя, як у жне́йка, варажэ́йка і пад.
Трэ́йка 2 ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́йкі ‘тс’ (Янк. 1; маз.. Мат.), трэ́йко ‘тс’ (Нар. Гом., ТС). Параўн. укр. тре́йки ‘тс’. Утвораны пры дапамозе канцавых часціц з элементам ‑к‑ (гл. Копечны ў ESSJ SG, 1, 316), як у словах колькі, укр. скі́лько, польск. kilko, kilka, серб. ко̏лико, балг. колко і пад. Да тры, гл. тройка 1. Карэннае ‑эй‑ замест ‑ой‑ можна патлумачыць уплывам балцкага субстрату, параўн. літ. trejì ‘тры’, trẽjos ‘трое’, лат. treji ‘трое’ (якое ўжываецца толькі з множналікавымі назоўнікамі), trejāds ‘траякі’; аднак, хутчэй за ўсё, тут мае месца варыянтнасць асноў *tri‑/*tre‑, параўн. трэці, гл.
Трэ́йліць ‘гаварыць недарэчнасці, глупства, разводзіць плёткі’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Па фармальных прыкметах (дыфтангічнае спалучэнне), відаць, літуанізм. Параўн. літ. trailúoti ‘балбатаць, пустазвоніць’, tráila ‘пустамеля, пустазвон’ (Кудзіноўскі, ABSl, 1, 225; Грынавяцкене, LKK, 16, 190), trailė̃ ‘вясёлая песня’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).
Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск. miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел. третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав. третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).
Трэ́йчы ‘тры разы’ (Шат., Варл.; ашм., Стаяк., Сцяц., Сцяшк. Сл., Жд. 1, 3; асіп., Буз., Сержп. Прык. і прым., Ян.), ‘тройчы’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. треичти ‘тс’ (Александрыя). Да тро́йчы (гл.), параўн. трэ́йка (гл.).
Трэк ‘збудаванне для вела- і мотаспорту’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), першая фіксацыя ў 1902 г.: трэк … на лісапедах ганяюцца адзін за другім (К. Каганец). Запазычана з англ. track ‘тс’, ‘след, дарога’, відаць, праз рус. трек ‘збудаванне для веласпорту’.
Трэліць ‘гаварыць глупства, разводзіць плёткі’; ‘маніць, выдумляць’ (Арх. Федар., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘доўгі час гаварыць пра адно і тое ж’ (Зайка Кос.), ‘абы-што гаварыць’ (Сцяц., Скарбы; слонім., Жыв. сл.), трыэ́літі ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́ля ‘пустамеля’ (Сцяц.), ‘балбатун’ (Сцяшк. Сл.), tryéla ‘тс’, tryéle‑mele ‘нясмелы, разлезлы, павольна гаворачы чалавек’ (Федар. 4). Параўн. польск. trelić ‘гаварыць абы-што’, якое адносяць да іт. trillo, trillare (Брукнер, 575), гл. трэль 1; рус. аргат. тре́лить ‘патрабаваць што-небудзь, не маючы на тое падстаў’, ‘эксплуатаваць’ (Шчарбакова-Бруева), ід. treln ‘ліслівіць, дагаджаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Слова няяснага паходжання, магчыма, ад тра-ля-ля, параўн. трэ́ляць ‘сноўдаць без пэўных заняткаў’ (ТС), гл. траляваць 1. Пра магчымыя балцкія ўплывы гл. трэйліць, а таксама Рэмбішэўска, ABSl, 31, 228.
Трэль 1 ‘пералівістае дрыжачае гучанне’ (ТСБМ), трэ́ля ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трель) з франц. trille, tril ‘тс’, якое з італ. trillo ‘тс’, trillare ‘дрынкаць, бразджаць’ (Фасмер, 4, 97–98; ЕСУМ, 5, 628).
Трэль 2 ‘спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны’ (ТСБМ), ‘уезджаная дарога’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘высокае месца, куды звозяць спілаваны лес у час распрацовак’ (ТС, Зайка Кос.; дзісн., Бел. дыял. 3), ‘зімовая дарога праз балоты, рэкі і палі’, ‘коўзанка на лёдзе’ (Варл.). Праз польск. trel ‘лясная сцежка, прасека’ запазычана з англ. trail ‘след, шлейф, сцяжына, тор’, ‘цягнуцца, буксіраваць’, ‘таптаць траву’, якое праз франц. traille ‘канатны паром’ узыходзіць да лац. trāgula ‘невад’ < traho, trahere ‘цягнуць, валачыць’ (Фасмер, 4, 97; ЕСУМ, 5, 628). Сюды ж трэля́ць ‘траляваць’ (ТС), trel ‘сцежка, па якой ідуць, цягнуць плыт’ (“innowacja polsko-białoruska”, гл. Бяднарчук, Stosunki, 184). Параўн. таксама тралява́ць, трыль (гл.).
Трэ́льніца ‘жанчына, якая трэ лён’ (Жд. 1). Да це́рці (гл.). Параўн. траля, тра́льня < тра́лля (гл.).