Тро́йка1, трэ́йко ‘тройчы’ (Нар. Гом.), тро́йко ‘трое’ (Рам. 3, ТС), ‘трайня’ (Сл. ПЗБ), трэ́ка ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́ко ‘тс’ (Сержп.). Узыходзяць да формы зборнага лічэбніка *trojь ‘трое’, аформленага па ўзоры *dvojьka ‘двое’ з суф. ‑k‑, гл. Карскі 2-3, 55; Мяркулава, Этимология–1972, 102; SP, 5, 185. Формы з ‑э(й) можна патлумачыць уплывам балтыйскіх моў на фоне тро́е, пры літ. trejí ‘тры, трое’, аднак больш верагодная змена о > э пад націскам пад уплывам трэці.

Тро́йка2 ‘лічба 3 і адпаведная адзнака ці карта; запрэжка з трох коней; група з трох чалавек; касцюм з трох рэчаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘3‑метровая калода’ (Мат. Гом.), ‘трэці ход у гульні’ (ТС). Да папярэдняга слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)