Трэль1 ‘пералівістае дрыжачае гучанне’ (ТСБМ), трэ́ля ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трель) з франц. trille, tril ‘тс’, якое з італ. trillo ‘тс’, trillare ‘дрынкаць, бразджаць’ (Фасмер, 4, 97–98; ЕСУМ, 5, 628).

Трэль2 ‘спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны’ (ТСБМ), ‘уезджаная дарога’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘высокае месца, куды звозяць спілаваны лес у час распрацовак’ (ТС, Зайка Кос.; дзісн., Бел. дыял. 3), ‘зімовая дарога праз балоты, рэкі і палі’, ‘коўзанка на лёдзе’ (Варл.). Праз польск. trel ‘лясная сцежка, прасека’ запазычана з англ. trail ‘след, шлейф, сцяжына, тор’, ‘цягнуцца, буксіраваць’, ‘таптаць траву’, якое праз франц. traille ‘канатны паром’ узыходзіць да лац. trāgula ‘невад’ < traho, trahere ‘цягнуць, валачыць’ (Фасмер, 4, 97; ЕСУМ, 5, 628). Сюды ж трэля́ць ‘траляваць’ (ТС), trel ‘сцежка, па якой ідуць, цягнуць плыт’ (“innowacja polsko-białoruska”, гл. Бяднарчук, Stosunki, 184). Параўн. таксама тралява́ць, трыль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)