Трэ́йка1 ‘мяльшчык, мяльшчыца’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), ‘трапальшчыца’ (хойн., ЛА, 2, Трух.); ‘мяліца, церніца, на якой труць лён, каноплі’ (ельск., Мат. Гом.). Да церці (гл.). Суфіксацыя, як у жне́йка, варажэ́йка і пад.

Трэ́йка2 ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́йкі ‘тс’ (Янк. 1; маз.. Мат.), трэ́йко ‘тс’ (Нар. Гом., ТС). Параўн. укр. тре́йки ‘тс’. Утвораны пры дапамозе канцавых часціц з элементам ‑к‑ (гл. Копечны ў ESSJ SG, 1, 316), як у словах колькі, укр. скі́лько, польск. kilko, kilka, серб. ко̏лико, балг. колко і пад. Да тры, гл. тройка1. Карэннае ‑эй‑ замест ‑ой‑ можна патлумачыць уплывам балцкага субстрату, параўн. літ. trejì ‘тры’, trẽjos ‘трое’, лат. treji ‘трое’ (якое ўжываецца толькі з множналікавымі назоўнікамі), trejāds ‘траякі’; аднак, хутчэй за ўсё, тут мае месца варыянтнасць асноў *tri‑/*tre‑, параўн. трэці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)